Skip to main content

V Велікодная Нядзеля. С. Антонія Шэйгерэвіч CSFN

V Велікодная Нядзеля. С. Антонія Шэйгерэвіч CSFN

Сённяшняе Евангелле можна акрэсліць, як запавет Езуса сваім Яго дзецям. Хрыстос так і звяртаецца ў Евангеллі да апосталаў: “Дзеці!”. Перад гэтымі радкамі, Езус казаў аб тым, што адзін з Яго вучняў здрадзіць Яго. Хрыстос дасканала ўсведамляе сабе, што хутка адбудзецца тое, дзеля чаго Ён прыйшоў на зямлю, момант праслаўлення – праз крыж і ўваскрасенне. Яшчэ на самым пачатку Евангелля паводле Яна (Ян 1,14) мы чытаем: “І Слова сталася целам і пасялілася між намі, - і мы бачылі славу Яго, славу як Адзінароднага ад Айца, - поўнае ласкі і праўды.” Вось і цяпер надыходзіць час сапраўднай ласкі і праўды – перамога Хрыста над злом і смерцю. Перад тым, як Хрыстос пакінуў нас, дае нам свой запавет: развітваецца з вучнямі і кажа самае важнае – тое, што будзе нам напамінам аб Ім – “любіце адзін аднаго, як Я палюбіў вас, так і вы любіце адзін аднаго”.

Гэта складанае заданне. Хоць час ад часу нам выдаецца, што так проста любіць, але любіць як вучыць Хрыстос, аддаючы сваё жыццё, ахвяроўваць сябе іншым, нават тым, хто чыніць нам зло. Здараецца таксама цяжка любіць нашых блізкіх і родных. Без Божай ласкі гэта даецца цяжка, магчыма гэта толькі ў Хрысце. Разам з Ім гэта магчыма.

Папросім Хрыста, каб паказаў нам, што неабходна паправіць і стаць больш дасканалымі ў Яго любові і любові да бліжняга.