Skip to main content

У Лідзе адбудзецца міжнародная сустрэча членаў руху «Gloriosa Trinita»

20 красавіка ў лідскім палацы культуры адбудзецца Міжнародная кангрэгацыя каталіцкага евангелізацыйнага руху «Gloriosa Trinita». У праграме сустрэчы: малітва праслаўлення, тэатральнае выступленне, сведчанні, прэзентацыя супольнасцяў, катэхеза, благаслаўленне.

У сустрэчы прыме ўдзел біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, які ў гэты дзень зачытае дэкрэт аб рэгуляванні дзеяння руху на тэрыторыі Гродзенскай дыяцэзіі.

Даведка: «Gloriosa Trinita» — гэта міжнародная каталіцкая харызматычна-евангелізацыйная супольнасць, якая ўзнікла ў 2000 г. у Італіі. Праз чатыры гады намаганнямі кс. Анджэя Свенцінскага рух трапіў у Польшчу. Сёння ён існуе ў Італіі, Польшчы, Іспаніі, Бразіліі і Беларусі. У Беларусі рух «Gloriosa Trinita» ўжо некалькі гадоў існуе пры парафіі Святой Сям’і ў Лідзе і аб’ядноўвае некалькі сотняў чалавек.

Рух з’яўляецца прыватным таварыствам вернікаў, скіраваным перш за ўсё на семі’і і асобаў, прысвечаных Найсвяцейшай Тройцы, якая з’яўляецца прыкладам дасканалай сям’і. Сям’я як вобраз Найсвяцейшай Тройцы з’яўляецца прывілеяваным месцам, у якім нараджаецца і развіваецца святасць. Члены руху натхняюцца Найсвяцейшай Тройцай, крочачы да збаўлення і прыцягваючы за сабой усіх братоў, якія далучацца да гэтай справы.

Мэтай руху з’яўляецца ажыўленне веры ў сем’ях, у сэрцах усіх людзей. Таму яго ўдзельнікі жадаюць увайсці ў праблемы штодзённага жыцця учаснага чалавека, выходзячы да яго на вуліцы.

Цэнтрам духоўнасці з’яўляецца Эўхарыстыя: Імша і адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту. З яе яны чэрпаюць сілы да штодзённага крочання з Езусам. Эўхарыстычная адарацыя з’яўляецца асабістай размовай з Богам, падчас якой могуць нарадзіцца важныя жыццёвыя рашэнні. Акрамя ціхай адарацыі, моляцца таксама падчас супольных адарацый з малітвай праслаўлення і спевамі.

Тоеснасць руху выражаеца праз: Камунію сэрцаў: гэта дар ад Бога, харызма, якую ўдзельнікі распазнаюць, якой жывуць і да якой пакліканы, каб клапаціцца пра яе і ахоўваць. Гэты дар ахвяраваны Богам праз малітву і моманты жыцця супольнасці. Ён адкрывае вучняў на ўзаемны давер, які выключае падзелы, зайздрасць, паклёпы і напаўняе спакоем, любоўю, радасцю, дабрадзействам, цярплівасцю і дабрынёй, маючы адно сэрца.

Цярпенне з’яўляецца асноўнай зброяй руху, якое вядзе да перамогі ў Езусе ва ўсіх сферах духоўнага і штодзённага жыцця. Кожны з удзельнікаў перажывае цярпенне як саўдзел у цярпенні Хрыста. Пакору сэрцаў: удзельнікі гэтага руху жадаюць быць як дзеці, цалкам забываючы пра сябе, каб дазволіць узрастаць Езусу.

Паслухмянасць: удзельнікі крочаць дарогай Езуса, будучы паслухмянымі так, як Езус быў паслухмяны Айцу. Паслухмянасць Каталіцкаму Касцёлу з’яўляецца слупом, які падтрымлівае ўсю справу. Жадаюць быць уважлівымі слухачамі і прапагандыстамі навучання Пантыфікаў і біскупаў. Захоўваючы паслухмянасць святару, які кіруе рухам, яго ўдзельнікі маніфестуюць волю Бога.

Служэнне: жыццё служэннем з’яўляецца знакам таго, наколькі кожны з удзельнікаў увасобіў у сабе жыццё Хрыста. Сведчыць уласным жыццём і абвяшчаць тое, што Езус учыніў, не з’яўляецца абавязкам, але выражэннем любові.

Крыніца: catholic.by