Skip to main content

Літургія Мукі Пана: молімся да Укрыжаванага Хрыста, каб вучыў у цярпенні набліжацца да Бога

У цішыні перапоўненай катэдры працэсія святароў на чале з ксяндзом-біскупам Аляксандрам Кашкевічам у чырвоных арнатах прайшла да галоўнага алтара. Ксёндз біскуп паклаўся тварам уніз на знак адарацыі Крыжа. Пасля распачалося набажэнства Вялікай Пятніцы, літургія Мукі Пана, якую адкрывае першая частка – літургія Слова.

У першым чытанні згадваецца тэкст з Кнігі прарока Ісаі, дзе прарок кажа пра тое, што Месія будзе цярпець за людскія грахі. У другім аўтар Паслання да Габрэяў прыгадвае, што Хрысту вядомы чалавечы лёс, бо Ён сам быў жорстка выпрабаваны. Праз Яго паслухмянасць адбылося збаўленне свету, пра што згадвае Святое Евангелле. Апісанне мукі і смерці Езуса Хрыста было прачытана з Евангелля паводле св. Яна.

Гамілію для шматлікіх прысутных вернікаў прамовіў кс. др Раман Катлімоўскі, якую прысвяціў цярпенню Хрыста і цярпенню чалавека. “Падыйдзем да Крыжа і на каленях будзем прасіць Укрыжаванага Хрыста. Каб Ён не толькі вучыў нас, як цярпець, але і як ў гэтым цярпенні набліжаць сябе і іншых да Бога.” Ксёндз звярнуў увагу, што сучасны свет баіцца цярпення – болю, праблем, хваробаў, якія набліжаюць нас да Хрыста і могуць стаць крыніцай нашага перамянення.

На заканчэнне літургіі Слова адбылася выключна ўрачыстая паўсюдная малітва. У 10 зваротах, праспяванымі дыяканам і пацверджанымі асаблівай малітвай ксяндза біскупа, маліліся за Святы Касцёл, каб Бог адарыў яго супакоем і адзінствам, за папу Францішка, каб захаваў яго ў здароўі і бяспецы, за біскупа Аляксандра, усіх святароў і дыяканаў, за ўсіх, хто служыць Касцёлу і за ўвесь Год веры, за катэхуменаў, за адзінства хрысціян, за габрэяў, каб Бог дапамагаў ім узрастаць у любові да Неба, за няверуючых у Хрыста, каб яны напоўніліся святлом Святога Духа і маглі пайсці дарогай збаўлення, за няверуючых у Бога, каб у шчырасці сэрца наследавалі тое, што з’яўляецца слушным і так знайшлі самога Бога, за кіраўнікоў краін, каб Пан Бог кіраваў іх думкамі, сэрцамі паводле Сваёй Волі, за церпячых.

Пасля гэтага распачалася другая частка літургіі Мукі Пана – Адарацыя Крыжа. Ксёндз біскуп урачыста адкрыў Крыж, які быў закрыты заслонай ад V Нядзелі Вялікага посту. Усе прысутныя святары, клерыкі, манаскія сёстры пасля гэтага ўшанавалі Крыж праз яго ўцалаванне. Падыйсці і асабіста адараваць Крыж праз уцалаванне ўсе астатнія вернікі змаглі пасля ўсяго набажэнства.

Пасля адарацыі Крыжа распачалася апошняя частка літургіі Мукі Пана – Святая Камунія. Па яе прыняцці вернікамі ксёндз біскуп перанёс Найсвяцейшы Сакрамант да Гробу Пана, які ў катэдры падрыхтаваны ля бочнага алтара св. Міхала Арханёла. Тут Найсвяцейшы Сакрамант выстаўляецца ў манстрацыі, накрытай раней на галоўным алтары белым вэлюмам як напамін пра саван, які ўкрываў цела Езуса.

Пасля гэтага пры Гробе Пана была адгаворана Навэнна да Божай Міласэрнасці, якая ад Вялікай Пятніцы будзе трываць 9 дзён.

Да 22 гадзін пры Гробе Пана трывала адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту.