Skip to main content

Памёр кардынал Юзаф Глэмп, прымас Польшчы ў адпачынку

Кардынал Юзаф Глэмп памёр ў варшаўскім шпіталі на 83-м годзе жыцця. Больш чым 25 гадоў ён узначальваў польскі Касцёл.

Ён быў адзін з найбліжэйшых супрацоўнікаў кард. Стэфана Вышыньскага, пасля 1,5 месяца па смерці якога атрымаў нялёгкую місію – тытул прымаса Польшчы.

Юзаф Глэмп нарадзіўся 18 снежня 1929 г. у Інавроцлаве. Скончыў дзяржаўную гімназію і ліцэй ім. Яна Каспровіча ў родным мястэчку. У 1950 годзе паступіў у Прымасаўскую вышэйшую духоўную семінарыю ў Гнезне. Святарскія пасвячэнні атрымаў 25 мая 1956 г. ў прымасаўскай базіліцы ў Гнезне. Працаваў як капелан сясцёр дамініканак у Мельжыне, а таксама як выхаваўца невылечна хворых дзяцей. У той жа час прысвячаў сябе катэхетычнай працы непаўнагадовых правапарушальнікаў.

У 1958-1964 гадах вывучаў свецкае і кананічнае права ў Папскім Латэранскім універсітэце ў Рыме, атрымаў званне доктара па абодвум дысцыплінам.

4 сакавіка 1979 года папа Ян Павел ІІ прызначыў яго біскупам Вармінскай дыяцэзіі.

У 1981 годзе 7 ліпеня быў прызначаны арцыбіскупам мітрапалітам Варшаўскім і Гнезнінскім, прымасам Польшчы. Як прымас Польшчы стаў таксама апекуном душпастарства замежнай Палоніі і ардынарыем на тэрыторыі Польшчы для Касцёлаў грэка-каталіцкага і армянскага абрадаў. 2 лютага 1983 г. атрымаў кардынальскую годнасць.

Як духоўны апякун польскай эміграцыі шматкроць наведваў паланійныя супольнасці на ўсіх кантынентах.

Кард. Юзаф Глэмп надрукаваў больш за 100 артыкулаў па тэалогіі, гісторыі тэалогіі, кананічным праве і больш за 50 кніг, у большасці якія дакументуюць яго пастарскую паслугу.

6 снежня 2006 г. Бенедыкт XVI прыняў яго прашэнне аб адыходзе з пасады Мітрапаліта з прычыны пенсійнага ўзросту. 7 студзеня 2007 г. Святы Айцец даручыў яму функцыю Апостальскага адміністратара Варшаўскай архідыяцэзіі.

5–7 верасня 1988 г. па запрашэнні Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта кардынал Юзаф Глэмп наведаў Беларусь: Гродна, Ліду, Навагрудак, Мінск, Нясвіж, Пінск і Брэст. У той час кардынал вельмі моцна заступіўся за беларускіх католікаў, кажучы дзяржаўным уладам, што Касцёл у Беларусі павінен мець сваю іерархію і магчымасць рыхтаваць сваіх святароў, бо тут шмат католікаў. І сапраўды, пасля візіту іерарха сітуацыя Касцёла ў Беларусі пачала паляпшацца.

Пахаванне спачылага адбудзецца ў архікатэдральным касцёле св. Яна Хрысціцеля ў Варшаве 28 студзеня ў 11 гадзін.

Па матэрыялах gosc.pl, catholic.by