Skip to main content

У Гродне адбудзецца сустрэча для былых вязняў канцлагераў і гетта

Па ініцыятыве Фонда ім. Максіміліяна Кольбэ сумесна з Гродзенскай дабрачыннай арганізацыяй “Карытас” у Гродне будзе арганізаваная сустрэча для былых вязняў канцлагераў і гетта. На сустрэчу прыбудзе валанцёр Фонда з Германіі Георг Таўбіц і старшыня праўлення Лодзінскага таварыства дапамогі былым палітычным вязням гітлераўскіх канцлагераў, турмаў і гетта Эва Тонацка, якія ўручаць удзельнікам сустрэчы падарункі.

12 снежня ў залі супольнасці сясцёр назарэтанак сустрэча адбудзецца для былых вязняў канцлагераў і гетта Гродзенскай вобласці, а 13-га – для былых вязняў Азарычскіх лагераў. Былым зняволеным падрыхтаваная святочная праграма і пачастунак, а таксама ім уручаць прадуктовыя падарункі, якія пры фінансавай падтрымцы Фонда імя М. Кольбэ падрыхтавала Гродзенская “Карытас”.

Тым сталым людзям, якія жывуць не ў Гродна, падарункі перададуць праз мясцовыя каталіцкія парафіі. Да гродзенцаў, якія з-за фізічнага здароўя не змогуць прыйсці на сустрэчу, госці з Польшчы і Германііі маюць намер завітаць асабіста.

Усяго падарункі падрыхтаваныя для 100 былых вязняў канцлагераў і гетта з усёй Гродзенскай вобласці.