Skip to main content

У Вішневе св. Імшой ўзгадалі былога пробашча ксяндза Юзафа Кіселя

4 снежня шматлікая група святароў з Смаргонскага дэканату і вернікі Вішнеўскай парафіі сабраліся ў сваёй парафіяльнай святыні на св. Імшы пад кіраўніцвам ксяндза біскупа Аляксандра Кашкевіча ў 10-ую гадавіну смерці былога пробашча гэтай парафіі ксяндза Юзафа Кіселя, каб аддаць доўг малітоўнай удзячнасці за шматгадовую і ахвярную працу ў парафіі.

Ксёндз Віктар Субель, які цяпер працуе ў Трабах, у 1998 – 2002 гг. суправаджаў гэтага святара ў апошнія гады яго жыцця у Вішневе, праз сёлетнія адвэнтовыя рэкалекцыі ён рыхтаваў сваіх былых вішнеўскіх парафіянаў да святаў Божага Нараджэння. Рэкалекцыі таксама сталі духоўнай падрыхтоўкай парафіі да 10-ай гадавіны смерці ксяндза Юзафа Кіселя.

Парафіяльны касцёл у Вішневе дзейнічаў нават у савецкі час ваяўнічага атэізму. У той цяжкі перыяд без перапынку 62 гады (1940-2002) свайго святарскага жыцця ахвяраваў вішнеўскай парафіяльнай супольнасці ксёндз Юзаф Кісель.3 сакавіка 2008 г. парафія ў Вішневе ўшанавала 100-годдзе з дня нараджэння гэтага вялікага пастыра. У парафіяльным касцёле ў Вішневе ўсталяваная памятная мармуровая дошка, дзе залатымі літарамі выпісана імя гэтага вялікага святара, як даніна ўдзячнасці да асобы выключнага пробашча, якую асвяціў біскуп Аляксандр Кашкевіч падчас адпустовых урачыстасцяў у гонар ушанавання св. Юды Тадэвуша, галоўнага заступніка парафіі ў суботу 25 кастрычніка 2008 года.

Бог даў ксяндзу Юзафу Кіселю доўгае жыццё (пражыў 94 гады). Ксёндз Юзаф Кісель нарадзіўся 3 сакавіка 1908 г. у вёсцы Запурве (Валурыеве) у парафіі Парэчча, недалёка ад Гродна. У 1938 г. ён скончыў духоўную семінарыю ў Вільні і прыняў святарскія пасвячэнні з рук арцыбіскупа, віленскага мітрапаліта Рамуальда Ялбжыкоўскага. Як неапрэзбітэра яго накіравалі ў Радунь.

У 1939 г. пасля таго, як савецкія войскі занялі Заходнюю Беларусь, пачаліся рэпрэсіі каталіцкага Касцёла. У 1940 г. НКВД арыштавала вішнеўскага пробашча, ксяндза Юльяна Цімашкевіча і пасадзіла ў турму ў Вілейцы. На яго месца быў накіраваны ў Вішнева малады святар Юзаф Кісель. Падчас вайны ён падвяргаўся ганенням з боку гітлераўцаў і савецкіх партызанаў. У 1944 г. партызаны несправядліва абвінавацілі кс. Юзафа ў супрацоўніцтве з нямецкімі акупантамі і павялі на расстрэл. Парафіяне, бачачы, што іх пробашча вядуць на смерць, падвяргаючы небяспецы сваё жыццё, абаранілі і выратавалі яго ад смерці, даючы тым самым прыгожае сведчанне аб сваёй любові да шаноўнага святара.

Ксёндз Ю. Кісель быў пераследаваны савецкімі ўладамі і пасля вайны, і ў час “развітога сацыялізму”. Яго каралі за прысутнасць дзяцей на св. Імшы, каралі і штрафавалі па розных выдуманых прычынах, некалькі разоў дапытвалі, спрабавалі закрыць касцёл, былі спробы канфіскаваць плябанію.

У самыя цяжкія часы, калі зачыняліся навакольныя касцёлы, ксёндз Ю. Кісель абслугоўваў некалькі суседніх парафій, пастаянна апекаваўся вялікай колькасцю вернікаў з усіх куткоў Беларусі і Літвы. Ён патаемна хрысціў, даваў шлюбы. Уся ваколіца знала яго як светлага спаведніка, духоўнага айца, з рук якога вернікі прымалі св. сакраманты, з вуснаў якога яны чулі словы падтрымкі і часта нават гумар. Ён так добра ведаў сваю парафію, што гаварыў: “Я ведаю, у якім месцы ў кожным доме стаіць печ”.

Ксёндз Віктар Субель падчас рэкалекцый успамінаў:

Апошнія 4 гады яго жыцця, апрача даверанай мне пастырскай паслугі ў парафіі ў Вішневе, я павінен быў апекавацца 90-гадовым ксяндзом Юзафам Кісялём. Не думаю, што ў такі кароткі час можна было настолькі пазнаць гэтага чалавека, які ў маладосці не раз глядзеў смерці ў вочы. Ксёндз Юзаф быў сціплы, не любіў гаварыць пра сябе, але з яго твару можна было прачытаць аб глыбокіх ранах душы, нанесеных цяжкімі ваеннымі і камуністычнымі часамі і людской няўдзячнасцю. Калі я прыехаў, то ён не мог ужо ажыццяўляць св. Імшу, аднак, я шмат разоў бачыў, як ён маліўся па ружанцы. Не памятаю, каб ён скардзіўся мне на што-небудзь”.

Ксёндз Ю. Кісель адышоў па ўзнагароду да Бога, падрыхтаваны святымі сакрамэнтамі, 4 снежня 2002 г. у 6.00 раніцы. Пахаванне адбылося 6 снежня ў 11.00. Ксёндз біскуп Аляксандр Кашкевіч узначаліў пахавальную Літургію. У малітве ўдзельнічалі таксама тагачасны дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Антоні Дзям’янка і 30 святароў. Магіла ксяндза Юзафа акружана няспынным клопатам удзячных парафіянаў і знаходзіцца на вішнеўскіх могілках ля касцёла. Менавіта ля гэтай магілы спевам малітвы “Анёл Панскі” скончыліся парафіяльныя рэкалекцыі.

Асабліва мне запомніліся словы ксяндза-біскупа Аляксандра Кашкевіча: “Залатыя літары на халоднай мармуровай дошцы – гэта нішто, у параўнанні з тым, што імя гэтага святара упісана назаўсёды ў вашыя гарачыя сэрцы.”

Кс. Антон Казлоўскі, пробашч парафіі ў Вішнева