Skip to main content

Адыйшла ў вечнасць с. Марыя Малгажата Забароўская CSFN

2 снежня а палове дзевятай вечара ў прысутнасці назарэтанскай манаскай супольнасці, згуртаванай на малітве, пасля працяглай хваробы на 78-м годзе жыцця адыйшла ў вечнасць с. Марыя Малгажата Забароўская CSFN. Жалобная св. Імша адбудзецца 4 снежня раніцай у 11 гадзін у пабрыгіцкім рэктаральным касцёле. Непасрэдна пасля св. Імшы адбудзецца пахаванне спачылай на Малышчынскіх могілках у Гродне (мікрараён Дзевятоўка).

Станіслава (свецкае імя) Забароўская нарадзілася ў 1934 годзе ў в. Лойкі (Гродзенскі раён), была ахрышчана ў парафіяльным касцёле ў Балі Касцельнай. 1 лістапада 1970 г. вырашыла прысвяціць сваё жыццё Богу, ўступаючы ў супольнасць Ордэну Святой Сям’і з Назарэту (CSFN) і беручы сабе манаскае імя Марыя Малгажата ад Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса і Яго Маці. 25 кастрычніка 1976 г. склала вечныя шлюбы. Увесь час працавала ў Гродне, выконваючы штодзённыя манаскія абавязкі.

Спачылая сястра застанецца ў памяці тых, хто яе ведаў чалавекам малітвы і поўнай адданасці Божай волі.

Молімся за святой памяці с. Марыю Малгажату, каб Бог адарыў яе ласкай вечнага жыцця ў нябесным валадарстве.