Skip to main content

200 год касцёлу Найсвяцейшай Тройцы ў Забалаці (дададзены фота)

Нязвыклы юбілей адбыўся ва ўрачыстасць Хрыста, Валадара Сусвету ў парафіяльнай супольнасці ў Забалаці. Усе парафіяне разам са сваім пробашчам кс. дзеканам Генрыкам Яблоньскім у гэты дзень дзякавалі за дар 200-годдзя святыні, а ўрачыстасць узначаліў Пастар дыяцэзіі кс. бп Аляксандр Кашкевіч.

Уласна ўрачыстасць трывала ўжо на працягу тыдня, бо яе папярэджвалі св. місіі, якія ў парафіі праводзілі айцы рэдэмптарысты а. Валерый Мазан і а. Андрэй Ядкоўскі. Як адзначылі на пачатку ўрачыстай св. Імшы місіянеры, запоўнены храм з’яўляецца сведчаннем веры кожнага з нас. Да шчырага перажывання юбілею заклікалі вернікаў місіянеры.

Перад літургічным зваротам біскупа ўсіх на пачатку св. Імшы прывітаў кс. дзекан Генрык Яблоньскі, пробашч мясцовай супольнасці. Ён вітаў прыбылых на ўрачыстасць святароў, ксяндзоў з мясцовай парафіі, прадстаўнікоў мясцовай улады, дзяцей і моладзь, а таксама ўсіх вернікаў, голас якіх у гэты дзень быў чутны і па-за мурамі святыні, паколькі яна нават не змясціла ўсіх. Кс. Генрык узгадаў таксаму гісторыю гэтай цудоўнай святыні, а ўзгадаць сапраўды было што.

Першы драўляны касцёл быў пабудаваны тут у 1622 годзе, яго фундатарам была сям’я Нарбут, але ўжо ў 1812 годзе быў асвечаны новы мураваны касцёл. Яго зафундавала сям’я Тышкевічаў. За часы камунізму ў касцёле была прадуктовая крама, а напрыканцы 50-х гадоў мінулага стагоддзя ўлады прынялі рашэнне знішчыць касцёл. Аднак гэтага не дапусцілі людзі, а асабліва, як зазначаюць старэйшыя парафіяне, гэтага не дазволіў зрабіць мясцовы міліцыянер, якога ведалі як чалавека справядлівага. Ён сказаў адкрыта і ясна: “Не вы яго будавалі, не вы яго і нішчыць будзеце”. Так да сённяшняга дня гэты найпрыгажэйшы дар святыні цешыць вока і сэрца кожнага, хто ў яго трапляе.

Разам з кс. біскупам Аляксандрам усе вернікі перапрашалі Бога за грахі, спявалі гімн хвалы, а таксама слухалі Божае слова ва ўрачыстасць Хрыста, Валадара Сусвету. Гамілію прамовіў а. Андрэй, які спытаў прысутных, што будзе далей з іх верай. Казнадзей нагадаў усім аб сведчанні веры, асабліва ён прасіў бацькоў даваць такое сведчанне, якога патрабуе сённяшні свет – малітвы і ахвярнасці. А вернікі падчас вызнання веры, узносячы свае крыжы ўгору, указалі найважнейшую вартасць свайго жыцця.

У гэты дзень у гэтай святыні гэтага не бракавала, малітва забалоцкіх парафіян была складзена на ахвярную патэну, якую, як і іншыя дары, падарылі самі парафіяне, а Пастар дыяцэзіі прасіў у Бога за ўсіх вернікаў гэтай парафіі. Пасля прыняцця камуніі і адмаўлення літаніі ў такую прыгожую ўрачыстасць гучала шмат прыгожых і цёплых слоў: пробашч дзякаваў парафіянам, дзеці і моладзь – прысутным гасцям, мясцовая ўлада дзякавала за дар святыні, а кс. біскуп на заканчэнне ўрачыстасці заахвоціў усіх занесці прывітанне ў свае хаты, а таксама цешыцца ў Год веры гэтым дарам цудоўнай святыні.

У гэты дзень была і малітва, і гісторыя, і культура. Гісторыя касцёла была таксама ў мультымедыйнай прэзентацыі перад урачыстай малітвай, у той час як пасля ўсяго адбыўся цікавы канцэрт рэлігійнай песні.

Выхваляйма Бога за дар 200-годдзя святыні, таксама, думаю, шмат удзельнікаў усведамляе, што кожны з іх з’яўляецца такім жывым касцёлам, які, можа, не мае 200 гадоў, але з’яўляецца апосталам Хрыста, які валадарыць у сэрцах усіх вернікаў.

Варта адзначыць, што ў апошнія гады быў праведзены грунтоўны рамонт касцёла, шмат рэчаў было зменена і адноўлена, а перадусім гэта быў духоўны рамонт нашых сэрцаў, якія ў гэты дзень былі адноўлены ў прыгожай святыні, у якой хочацца маліцца.

Кс. Павел Салабуда