Skip to main content

Каля 50 святароў з Лідскай акругі прынялі ўдзел у дні засяроджання

19 лістапада адбыўся Дзень засяроджання для святароў Лідскай акругі ў касцёле Святой Сям’і ў Лідзе. На духоўна-аскетычнае спатканне з'ехаліся шматлікія духоўныя асобы, каб у супольнай малітве з'яднацца са сваім архіпастырам.

Сустрэча распачалася а 10-й гадзіне з супольнай малітвы (гл. план Дня засяроджання).

Падчас аскетычнай канферэнцыі, кс. Ян Сарэла падкрэсліў, што святар, сустракаючыся штодзённа з Езусам у Эўхарыстыі, павінен навяртацца, а „… моц душпастарства бярэ вытокі са з’яднання з Езусам …”.

На спатканне са святармі быў таксама запрошаны госць з Харватыі д-р медыцыны спадар Антуан Лісец, які ў сваёй прамове звярнуў увагу на тое, што цяпер вялікая колькасць людзей не да канца разумее і ўсведамляе тое, чаму вучыць каталіцкі Касцёл. Спадар Антун сказаў, што „ … калі мы хочам захаваць дзейсную веру людзей, то павінны вучыць іх хрысціянскім вартасцям. Святар, як ніхто іншы, можа растлумачыць маральныя вартасці …”.

На пачатку святой Імшы кс. біскуп Аляксандр Кашкевіч заахвоціў усіх святароў, каб штодзённа ажыўлялі і паглыблялі асабістую веру.

У сваім казанні кс. др Уладзімір Гуляй, спасылаючыся на фрагмент з Евангелля паводле св. Лукі (10,17-24), нагадаў, што кожны святар павінен падтрымліваць у сваім сэрцы апостальскі энтузіязм.

Святарская сустрэча завершылася абмеркаваннем некаторых надзённых душпастырскіх пытанняў.

 

Кс. Уладыслаў Сурвіла