Skip to main content

У Гродне сястра назарэтанка прынесла першыя манаскія абяцанні

s 7

9 жніўня ў гродзенскім касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі (пабрыгіцкі) с. Ружа Врубель з Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта прынесла першыя манаскія абяцанні.

Абрад адбыўся на святой Імшы, якую цэлебраваў біскуп эмерыт Аляксандр Кашкевіч. Прысутнічалі шматлікія госці: духавенства, назарэтанкі з розных куткоў Беларусі на чале з настаяцельніцай Беларускай правінцыі кангрэгацыі с. Філатэяй Ціхановіч, родныя і сябры сястры Ружы.

Біскуп, вітаючы прысутных, назваў прынясенне першых манаскіх абяцанняў гістарычнай падзеяй для лакальнага Касцёла і кангрэгацыі.

“Сястра Ружа аддасць сваё жыццё ў Божыя рукі і такім чынам выкажа жаданне пайсці за Езусам шляхам выпрабавання і вырачэння”, – сказаў іерарх. Ён заклікаў атуліць манахіню малітвамі, каб яна заўсёды шукала Божай волі, цалкам аддавала сябе служэнню Касцёлу і гэтым сваім штодзённым служэннем сведчыла аб хрысціянскай любові.

s 14

Гамілію прамовіў а. Ежы Саковіч OSPPE, пробашч парафіі Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Карэлічах (Навагрудскі дэканат), адкуль паходзіць сястра Ружа. Па яго словах, прынясенне манаскіх абяцанняў павінна быць для законнай сястры асаблівым знакам і прыгадваць іншым людзям аб небе. Святар пажадаў маладой манахіні, якую назваў сваім духоўным дзіцём, быць такім моцным і добрым знакам таго, што ёсць неба і што ўсе ідуць туды.

У адпаведнасці з абрадам, прынёсшы абяцанні чыстасці, убоства і паслухмянасці, сястра Ружа атрымала знешнія знакі манаскіх абяцанняў: чорны вэлюм – знак поўнай прыналежнасці Езусу Хрысту, крыж – знак шляху да жыцця вечнага, свечку – знак новага жыцця і таго, што Хрыстус – святло, і манаскі статут – “закон любові”.

У канцы літургіі манахіня падзякавала ўсім, хто ўдзельнічаў у гэтай важнай для яе самой і яе супольнасці падзеі, а таксама тым, хто перадаў ёй дар жыцця і падтрымліваў падчас фармацыі.

Пасля малітоўнай часткі святкаванне працягнулася за абедам у правінцыяльным доме назарэтанак.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

Фота: Баляслаў Гавецкі