Раніцай у нядзелю 20 ліпеня ў межах урачыстасцяў у гонар Маці Божай з гары Кармэль у дыяцэзіяльным санктуарыі ў Гудагаі святую Імшу цэлебраваў біскуп эмерыт Аляксандр Кашкевіч.
У цэлебрацыі ўдзельнічалі арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч і іншыя святары, прысутнічала шмат вернікаў.
У гаміліі біскуп падкрэсліў, што чалавек павінен развіваць у сабе ўсё добрае, прыгожае і высакароднае і дзяліцца гэтым з іншымі. Таму, па словах іерарха, важныя добрыя ўчынкі, якія “з’яўляюцца сапраўдным плёнам ласкі і дапамагаюць зрабіць наша жыццё прыгожым”.
“Учынкі любові – найцудоўнейшае ўбранне хрысціяніна, убранне, якое важнае ў небе”, – сказаў біскуп.
Ён дадаў, што ўзорам гэтага з’яўляецца Панна Марыя, якая была цалкам аддана любові да Бога і бліжняга. “Мы няшмат ведаем пра прыгажосць Яе ўбрання пры Яе зямным жыцці, затое ведаем, што Бог адарыў Яе найцудоўнейшым убраннем ласкі, – адзначыў іерарх. – Абраўшы Марыю Маці для свайго Сына, Бог захаваў Яе ад усялякага, нават найменшага, граху”. Біскуп нагадаў, што гэтая ласка называецца Беззаганным Зачаццем.
Іерарх сказаў, што Маці Божая не знішчыла гэтага ўбрання ласкі, а выкарыстала найлепшым чынам, стаўшы вернай і пакорнай слугой Пана, ва ўсім паслухмянай Яго волі.
Звяртаючыся да пілігрымаў, якія прыбылі ў санктуарый, біскуп назваў іх прысутнасць “цудоўным сведчаннем любові да Езуса Хрыста і Яго Маці, веры ў матчына заступніцтва Панны Марыі”. Ён заклікаў прыходзіць да Маці Божай часцей, не толькі з нагоды адпустовых урачыстасцяў, але і ў звычайныя дні, калі адчуваеш патрэбу сустрэцца з Ёю.
“Тут Яна чакае нас і, як кожная любячая маці, не дазволіць, каб дзіця пайшло адсюль з пустымі рукамі, – заўважыў біскуп. – Яна нешта нам дасць, нечым адорыць, а перш за ўсё дасць адчуць Яе матчыну любоў”.
Іерарх заахвоціў прыходзіць да Панны Марыі таксама ўсёй сям’ёй. “Няхай дзеці з маленства вучацца любові да Найсвяцейшай Маці. Няхай пазнаюць, што, акрамя маці зямной, у іх ёсць і нябесная”, – сказаў ён.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі