19 ліпеня ў межах урачыстасцяў у гонар Маці Божай з Гары Кармэль у дыяцэзіяльным санктуарыі ў Гудагаі вячэрнюю Імшу, якая распачынала гэты фэст, цэлебраваў на палявым алтары дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі.
У цэлебрацыі ўдзельнічалі арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч, біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, айцы кармэліты босыя, якія служаць у Гудагаі і іншых месцах Беларусі, на чале з Рэгіянальным вікарыем а. Пятром Фраштэнгам OCD, іншыя святары, як паведамляе catholic.by.
Перад пачаткам Імшы прысутных, якія прыбылі з розных дыяцэзій Касцёла на Беларусі, прывітаў пробашч гудагайскай парафіі і кусташ санктуарыя а. Аркадзь Куляха OCD.
Біскуп Касабуцкі ў гаміліі звярнуў увагу на старадаўні гімн Flos Carmeli (“Кветка Кармэлю”), спяваны перад Евангеллем, у якім праслаўляецца Маці Божая. Звяртаючыся да пілігрымаў, ён сказаў, што яны здзейснілі “не проста падарожжа, а падарожжа ў імя Божае” і прыйшлі, каб прасіць у Бога праз заступніцтва Панны Марыі неабходныя ласкі.
Іерарх нагадаў, што цяпер Юбілейны год хрысціянства, абвешчаны Папам Францішкам, калі можна атрымаць поўны адпуст, наведаўшы юбілейную святыню – сярод такіх святынь касцёл у Гудагаі. Біскуп адзначыў, што гісторыя паўстання юбілейных гадоў у Касцёле мае пачатак у старажытным Ізраэлі. Кажучы пра дэвіз Юбілейнага года “Пілігрымы надзеі”, ён засяродзіў увагу на кожным са словаў гэтага дэвізу.
Біскуп адзначыў, што пілігрымка – “падарожжа, якое мае рэлігійную мэту і рэлігійнае значэнне”, дадаў, што жыццё вернікаў таксама з’яўляецца пілігрымкай і што мэта жыцця веруючага чалавека – дасягненне Божага Валадарства. Біскуп дадаў, што гэтаму спрыяе адпаведнае перажыванне Юбілейнага года і што ў старажытным Ізраэлі такі год быў часам духоўнай падрыхтоўкі, калі трэба было дараваць бліжнім даўгі, выпусціць нявольнікаў на свабоду, прабачыць усе крыўды, падзяліцца хлебам з тымі, у каго яго не было.
Па словах іерарха, Папа Францішак асаблівым чынам акцэнтаваў прабачэнне як спосаб плённага перажывання Юбілейнага года. На прыкладах з літаратуры і штодзённага жыцця біскуп растлумачыў небяспеку так званай “кроўнай варажнечы”, калі людзі станавіліся ворагамі па нейкай прыкмеце. Таксама ён нагадаў, што Юбілейны год – “год адпустаў” і што адпуст можна ахвяраваць не толькі за сябе, але і за душу, якая церпіць у чыстцы.
Разважаючы над другім словам дэвізу Юбілейнага года, “надзея”, біскуп падкрэсліў, што “хрысціянства – перш за ўсё рэлігія надзеі”, “не “сумная” рэлігія”, што Езус узяў грахі кожнага чалавека, для яго памёр на крыжы і для яго ўваскрос, і таму вернік, які прыбывае ў санктуарый, мае надзею на сустрэчу з Божай міласэрнасцю.
Звяртаючы ўвагу на абраз Маці Божай Гудагайскай, іерарх сказаў: “Наша надзея дазваляе нам разумець, што Маці Божая прытуляе да сэрца не толькі маленькага Езуса, але… кожнага з нас”. Звяртаючыся да прысутных, ён адзначыў: “Вы прыйшлі да Бога і гэта вы – надзея Касцёла… вы – надзея сучаснага свету”.
“Чалавек, які жыве з Богам і напоўнены надзеяй, сам становіцца надзеяй для іншых”, – дадаў біскуп. “Не саромейцеся рабіць дабро!” – заклікаў ён і прывёў словы Папы Льва XIV, які заахвоціў моладзь “закасаць рукавы і прыступіць да працы”, “сведчыць пра Хрыста, несці свету дабрыню, любоў і міласэрнасць”. Біскуп пажадаў, каб праз заступніцтва Маці Божай Шкаплернай тыя, хто Яе шануе, сталіся “праменьчыкамі надзеі” для бліжніх, якія дапамогуць тым адчуць дабрыню і цеплыню Бога, і самі напоўніліся “надзеяй, якая не асароміць”.
Пасля Імшы быў праспяваны Акафіст у гонар Багародзіцы, затым адбыўся Крыжовы шлях па гудагайскай Кальварыі – самай вялікай у Беларусі – на чале з біскупам Алегам Буткевічам.