У дзённіку пілігрыма, які вядзе Вікторыя Сідар, распавядаецца пра пяты дзень пілігрымкі Гродна – Тракелі. Пілігрымы набліжаюцца да дыяцэзіяльнага санктуарыя Каралевы нашых сем’яў.
Пяты дзень маланкава падышоў да канца… А здаецца, што яшчэ ўчора нам заставалася палова шляху. І вось ужо заўтра мы будзем у Тракелях.
На святой Імшы з казаннем да нас звярнуўся айцец Анджэй, пробашч парафіі ў Дзевятоўцы. Ён падкрэсліў, што гэта не мы вырашылі пайсці ў гэты шлях, а Бог нас паклікаў у яго, але тое, што мы бяром з сабой у нашы заплечнікі, залежыць ад нас. Святар заўважыў таксама, што часам спускацца з гары складаней, чым падымацца на яе, і захаваць Бога ў жыцці пасля пілігрымкі таксама складаней, але вельмі важна.
Сённяшні дзень лічыўся пакутным: было менш песень, менш весялосці, больш цішыні. У час дарогі ў нас прайшоў Крыжовы шлях. Разважанні былі заснаваныя на Пасланні да Карынцянаў аб любові. Мы спрабавалі на прыкладзе Хрыста глыбей зразумець Яго любоў і ўсвядоміць свае слабасці, каб імкнуцца да дасканаласці. Надвор’е зноў дапамагло нам глыбей пранікнуць у пакуты Збаўцы – сонца пякло неміласэрна, а большая частка дарогі была праз палі, дзе амаль не было ценю. Але на дзіва гэтае выпрабаванне спякоты дало шанс перажыць Крыжовы шлях у большай блізкасці да сябе, быццам мы ўзялі ўдзел у пакутах Хрыста.
Канферэнцыю сёння прамаўляла Рэната. Яна паставіла перад намі пытанне аб тым, чым мы сілкуемся як дзеці Бога і Касцёла, пасля чаго заўважыла, што сапраўднай ежай для нашай душы з’яўляюцца Божае слова і Эўхарыстыя.
На начлег нас прымала парафія ў Жырмунах. І гэта быў яшчэ адзін падарунак і знак клопату Неба пра нас – мы зноў трапілі на начлег да цудоўных людзей! Аднак вечарам сітуацыя крыху абвастрылася: нам быў абяцаны пагодлівы вечар, але пайшоў дождж і пачалася навальніца. Мы даволі доўга прабывалі ў нерашучасці: ехаць ці не? Але ўсё ж такі паехалі… і не пашкадавалі! У нейкі момант усе выйшлі на вуліцу, бо дождж амаль сціхнуў, і пачалі танцаваць. Хутка пайшоў лівень, і мы змоклі дашчэнту, але танцы працягваліся. Дождж нібы змыў з нас маскі. Усведамленне таго, што мы цяпер усе мокрыя і сапраўдныя, дапамагло адчуць сябе як дома.
На развітанне мы ўсе ўзяліся за рукі і праспявалі Марыйны апэль. І ўсё гэта было здорава! Незабыўна цёплы вечар пасля невымоўна цяжкага дня…