Skip to main content

У Ваўкавыску з удзелам біскупаў памаліліся за кс. прэлата Антонія Філіпчыка ў першую гадавіну смерці

rocznica filipczyk 79 ліпеня ў касцёле св. Вацлава ў Ваўкавыску адбылася святая Імша ў інтэнцыі кс. прэлата Антонія Філіпчыка ў першую гадавіну яго смерці.

На Эўхарыстыі, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, сабралося шмат святароў, якія былі знаёмыя з ксяндзом Антоніем Філіпчыкам і якім яго прыклад дапамагаў узрастаць у святарскім пакліканні. Сярод іх быў каад’ютар Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Уладзімір Гуляй. Прысутнічала шмат свецкіх вернікаў, душпастырам якіх спачылы быў доўгія гады і якія ўдзячныя яму за тое, што ён вёў іх да Бога і суправаджаў у важныя моманты жыцця.

Удзельнікі Імшы дзякавалі Богу за дары, якія меў ксёндз Антоній, – сардэчнасць, адкрытасць, пастырскую любоў. Гэтая літургія была доказам таго, што іх злучаюць з памерлым святаром сувязі веры, якія пераадольваюць межы смерці.

rocznica filipczyk 2

Пробашч парафіі кс. Марэк Занеўскі прывітаў прысутных.

Як адзначыў у гаміліі біскуп Уладзімір Гуляй, Ваўкавыск і гэтая парафія былі асаблівымі месцамі для ксяндза Антонія Філіпчыка, які не раз казаў, што ваўкавыскія вернікі – пабожныя людзі і добрыя парафіяне.

“Гэта было асаблівае месца для яго, дзе яму было дадзена пазнаваць людзей і Бога. Частку гэтых пачуццяў ён пакінуў нам у кожнай Эўхарыстыі, якую цэлебраваў, у гаміліях, якія тут прамаўляў, у святарскім служэнні, якое вызначалася дабрынёй і клопатам пра дабро чалавечай душы”, – сказаў іерарх.

Біскуп дадаў, што ксёндз Антоній заўсёды вучыў парафіян любові да Бога і Касцёла, павазе да Бібліі і падкрэсліваў, што кожная гамілія павінна быць рэхам Божага слова.

Таксама іерарх засяродзіў увагу на тым, што вечнае жыццё – мэта кожнага і заслужыць яго можна штодзённым ахвяраваннем сябе, адданнем сябе людзям, братэрскай любоўю.

“Хрыстус кліча нас ісці за Ім, бо такім чынам мы захаваем сваё жыццё. Менавіта ў Ім здзяйсняецца наш пераход са смерці да жыцця. Ён прыйшоў на зямлю і страціў жыццё ў тым сэнсе, што памёр за нас на крыжы, але Яго смерць адчыніла брамы жыцця іншым”, – адзначыў біскуп.

Па яго словах, наследаванне Хрыста ўключае ў сябе ўпэўненасць, што, калі мы паставімся да гэтага сур’ёзна, то не страцім свайго жыцця для вечнасці. “Няхай нам заўсёды спадарожнічае досвед блізкасці Бога і праўда аб тым, што Бог нас ніколі не пакідае. Гэта мы здраджваем і ўцякаем ад Яго, а Ён, які кіруецца сваёй любоўю, працягвае за намі сачыць і несці нас на плячах, каб у нас было жыццё, Божае жыццё”, – дадаў біскуп.

Пасля Эўхарыстыі ўдзельнікі накіраваліся на могілкі, дзе пахаваны ксёндз Антоній Філіпчык. Там адбылося благаслаўленне помніка, усталяванага на яго магіле.

rocznica filipczyk 6

Ксёндз прэлат Антоній Філіпчык, сын Антонія і Феліцыі, нарадзіўся 17 чэрвеня 1949 г. у вёсцы Чыжоўшчына на Астравеччыне.

Скончыў сярэднюю школу ў Варнянах. У 1977-1982 гг. вучыўся ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Каўнасе.

6 чэрвеня 1982 г. у катэдры ў Каўнасе біскуп Людвік Павалёніс удзяліў яму прэзбітэрскае пасвячэнне.

У першыя гады святарскага служэння быў вікарыем у Літве ў Швянчонісе (1982 г.), Эйшышкесе (1982-1983 гг.), затым пробашчам парафіі ў Пабрадэ.

У лістападзе 1988 г. прыбыў у Ваўкавыск. Да самай смерці быў пробашчам парафіі св. Вацлава і дэканам Ваўкавыскага дэканату. Адышоў у вечнасць 9 ліпеня 2023 г.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

Фота: Аліна Пяценка