Усё бліжэй да санктуарыя Каралевы нашых сем’яў у Тракелях пешая пілігрымка з Гродна, якая ідзе на дыяцэзіяльныя ўрачыстасці. Дзённік пілігрыма, які вядзе Вікторыя Сідар, апісвае падзеі чарговага дня.
Скончыўся і чацвёрты дзень нашага шляху. Ён быў багаты забаўнымі і добрымі момантамі.
Раніца пачалася супольнай малітвай у Забалаці, а на першым прыпынку ўсе мы ўзялі ўдзел у святой Імшы, якую цэлебраваў каад’ютар Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Уладзімір Гуляй. Біскуп сказаў, што Імша – самы цудоўны момант дня, таму што гэта час, калі Неба злучаецца з зямлёй. На аснове гісторыі паклікання апосталаў ён звярнуў нашу ўвагу на тое, што Езус паклікаў тых, каго хацеў, – розных людзей, бо давярае кожнаму, хоць ведае іх гісторыю і будучыню, і запрашае да супрацоўніцтва, бо Яму патрэбны менавіта мы – такія, якія ёсць.
Біскуп Уладзімір спадарожнічаў нам на шляху да наступнага прывалу, дзе быў абед. Там у цяні дрэваў мы падмацаваліся і целам, і душой. Біскуп ужо па традыцыі прывёз для ўсіх нас марожанае, а ў 15 гадзін, пасля таго, як мы памаліліся Вяночак да Божай Міласэрнасці, ксёндз Яўген звярнуўся да нас з чарговай канферэнцыяй.
Сёння мы гаварылі аб суме. Перш за ўсё засталася гучаць не толькі ў вушах, але і ў сэрцы выцверажальная фраза, што калі мне сумна, справа не ў абставінах, а ўва мне – гэта я сумны, а не людзі вакол мяне. Святар звярнуў увагу на грэх суму, які ў праваслаўнай тэалогіі прыраўноўваецца да аднаго з сямі галоўных грахоў – ляноты, і расказаў нам пра прычыны яго ўзнікнення. Як правіла, чалавек пачынае сумаваць, калі нічым не заняты, калі ў яго шмат вольнага часу. Бо калі нас напаткоўвае бяда, мы дзейнічаем. Крыніца суму ж хаваецца ў нашых думках. Але, сумуючы, мы пазбаўляем сябе магчымасці выканаць волю Бога, бо галоўнае пакліканне кожнага – гэта пакліканне да жыцця. Другая прычына суму – адсутнасць або страта сэнсу. Вельмі страшна, калі малады чалавек не знаходзіць у сабе жадання, не бачыць сэнсу нешта рабіць, выкарыстоўваць дары, якія атрымаў ад Бога, каб быць інструментам у Яго руках. Рэцэпт ад суму здаецца простым: займіся справай і перастань быць ахвярай – вазьмі на сябе адказнасць за сваё жыццё.
У Радуні нас прынялі цёпла і гасцінна – напэўна, упершыню за гісторыю пілігрымак з Гродна ў Тракелі парафіяне, нягледзячы на нашу колькасць, змаглі даць прытулак усім! Наогул з рассяленнем у нас выйшла цэлая гісторыя. Спачатку, калі патлумачылі, як гэта будзе адбывацца, усе чамусьці кінуліся да выхаду, хоць было сказана заставацца ў касцёле. З-за гэтага атрымалася жудасная блытаніна. Потым усе парафіяне, якія трапляліся нам на вочы, аказваліся ўжо занятымі. І ў якісьці момант стомленасць, назапашаная за гэтыя дні, досвед начлегу ў школе і безвыніковага пошуку гаспадароў у Забалаці націснулі вельмі моцна, і мае нервы не вытрымалі. Сядаючы на прыступку ля алтара, я разумела, што яшчэ секунда – і я расплачуся. І менавіта ў гэты момант да мяне нахілілася дзяўчына і спытала: “А вас ужо ўзялі?” І хоць у гэты дом планавалася ўзяць чацвярых, без пытанняў згадзіліся і на пятага, і мы ўсе разам пайшлі на начлег, каб праз пару гадзін вярнуцца: абяцаліся вогнішча і каўбаскі. Акрамя таго, нас чакалі гульні і танцы.
Прызнаюся, я была ўпэўнена, што мае ногі не ў стане рухацца хутчэй, чым чарапаха, але аказалася, што, маючы правільную матывацыю, можна знайсці сілы нават на немагчымае. Вечар праляцеў незаўважна за гульнёй у валейбол, у “дзясятачку” і “ножкі”. А пасля танцаў кожны атрымаў папяровае сардэчка, унутры якога была цытата з Бібліі. Гэтую палавінку мы пакінулі сабе, а пустую кінулі ў агонь – як сімвал таго, што адракаемся ад свайго сэрца, абцяжаранага грахом, страхамі, болем, і просім Бога даць нам сэрца новае – чыстае і любячае.
Шчаслівыя, хоць зноў крыху стомленыя, мы вярнуліся дадому, каб хоць некаторы час правесці з нашымі гаспадарамі – цудоўнымі людзьмі з велізарнымі, добрымі і ахвярнымі сэрцамі. І толькі адна маленькая журбінка крыху азмрочвае наш добры настрой – усведамленне, што паслязаўтра мы ўжо дасягнём мэты, а значыць, наша цудоўная прыгода і вялікая праца пілігрымкі прыйдуць да заканчэння…