Skip to main content

Дзённік удзельніка пілігрымкі Гродна – Тракелі. Дзень трэці: “У каго няма пытанняў, той не ідзе наперад”

dzen3 4Удзельніца пешай пілігрымкі Гродна – Тракелі Вікторыя Сідар распавядае ў дзённіку пілігрыма пра чарговы дзень шляху. Пілігрымка ідзе ў санктуарый Каралевы нашых сем’яў у Тракелях на дыяцэзіяльныя ўрачыстасці.

Вось і трэці дзень у мінулым… Палова шляху пройдзена, і ад усведамлення гэтага становіцца крыху сумна. Кожны дзень збліжае нас, удзельнікаў пілігрымкі, і робіць вялікай сям’ёй, з якой не хочацца расставацца.

dzen3 5

Гэты дзень таксама пачаўся Імшой – у Новым Двары. Ксёндз Юрый, пробашч парафіі, звярнуўся да нас з гаміліяй. Найперш святар заўважыў, што, паколькі мы абраннікі Бога, то павінны ўмець служыць і несці Хрыста іншым людзям. А потым задаў пытанне, на якое варта было адказаць у цішыні свайго сэрца: ці няма ў мяне спакусы думаць, што, калі я хадзіў у пілігрымку ўжо шмат разоў, то я лепшы, ці ўмею я, наадварот, больш адкрываць Бога і дзяліцца Ім з іншымі? Асабіста мяне кранула думка пра тое, што ў пілігрымцы, калі баляць мазалі і падкошваюцца ногі, мукі Пана становяцца бліжэй, больш зразумелымі і намацальнымі...

З нагоды пасвячэння ў пілігрымы кожны ўдзельнік атрымаў у падарунак ад арганізатараў цікавую бірульку – дзясятачку ружанца. На ёй прадстаўлена ракавінка – сімвал пілігрыма. На гэтым сюрпрызы не скончыліся – у абед пілігрымы, акрамя смачнай і пажыўнай ежы, атрымалі самы доўгачаканы ў спёку дэсерт – марожанае. А дзень сапраўды выпаў задушліва спякотным і цянёчкам балаваў нячаста.

dzen3 3

У канферэнцыі, якую гаварыў ксёндз Яўген на прывале, мы разважалі аб прабачэнні. Часам было дастаткова жорстка. Напрыклад, пра тое, што немагчыма трапіць у рай, калі затрымаў крыўду хоць на аднаго-адзінюткага чалавека на зямлі, а кожны з нас, хутчэй за ўсё, крыўдзіцца: на іншых, на сябе, на Бога. Святар найперш стараўся пераканаць нас, што насіць крыўды на іншага значна больш нудна і вычарпальна, чым прабачыць. А калі я не вазьму на сябе адказнасць за сваё жыццё, то заўсёды буду ахвярай.

Ксёндз Яўген заўважыў таксама, што ўсе мы ранім адзін аднаго перш за ўсё таму, што шукаем і чакаем ад чалавека дасканалай любові, якую можа даць толькі Бог. Чалавек жа не можа даць нам больш, чым у яго ёсць. А акрамя гэтага, кожны з нас паранены, з-за чаго раніць іншага. Ці хачу я, каб гэты ланцужок зла перарваўся на мне?.. Яшчэ адна важная думка датычылася таго, што Бог дае нам людзей, каб вучыць любіць, бо навучыцца любіць без іншага чалавека немагчыма.

dzen3 2

Скончыўся дзень адарацыяй – вельмі душэўнай, добрай, якая схіляла да роздумаў. Не адзін пілігрым выйшаў пасля яе з адбіткамі слёз на твары. Пасля многія яшчэ доўга не маглі разысціся – так хацелася працягнуць гэты цудоўны час і захаваць незабыўную атмасферу.