З 30 чэрвеня па 6 ліпеня адбылася 23-я пешая Салезіянская моладзевая евангелізацыйная пілігрымка Смаргонь – Будслаў. Яна завяршылася ў Нацыянальным санктуарыі ў Будславе, дзе сустрэліся, каб ушанаваць цудадзейны абраз Маці Божай, пілігрымы з усіх куткоў Беларусі.
Як паведамляе sdb.by, пілігрымку арганізавала рэлігійная каталіцкая місія “Таварыства святога Францішка Сальскага” і за дні гэтага падарожжа моладзь атрымала вялікі духоўны досвед.
У пілігрымцы ўдзельнічала моладзь з салезіянскіх і іншых парафій з розных месцаў краіны. Маладых людзей суправаджалі рэгіянальны настаяцель салезіянскага таварыства на Беларусі кс. Павел Шчарбіцкі SDB, адказны за пілігрымку кс. Алег Каралёў SDB, кс. Міхаіл Радзевіч SDB, які ў межах пілігрымкі быў рэкалекцыяністам, і брат Міхаіл Вішнеўскі.
За шэсць дзён удзельнікі пераадолелі 105 кіламетраў. У дарозе, несучы свае просьбы, падзякі і перапрашэнні Маці Божай Будслаўскай, пілігрымы евангелізавалі жыхароў населеных пунктаў, праз якія праходзілі, сваім прыкладам, спевам, сведчаннем, размовай і ўсмешкай. Пілігрымы прыпыняліся каля кожнага крыжа, царквы, могілак і помнікаў ахвярам Вялікай Айчыннай вайны, каб узнесці малітву і прасіць Божага благаслаўлення для Беларусі і яе народа.
На працягу ўсёй пілігрымкі праходзілі рэкалекцыі для ўдзельнікаў. Ксёндз Міхаіл Радзевіч прапанаваў ім для разважання тэму “Проста аб важным”. Кожны з шасці дзён пілігрымкі быў прысвечаны асобнай тэме: “Я каштоўны ў вачах Бога”, “Глядзець на людзей пазітыўна”, “Пытайся не “чаму?”, а “навошта?”, “Больш давярай Слову Божаму”, “Важна быць шчырым перад Богам”, “Марыя як прыклад жыцця”. Падчас кожнай канферэнцыі ксёндз Міхаіл дзяліўся ўласным досведам і меркаваннем па дадзеных тэмах, дапамагаў лепш зразумець сэнс у некаторых выпадках і тлумачыў, як можна ажыццяўляць пэўныя рэлігійныя і духоўныя практыкі ў штодзённым жыцці. Гэтыя тэмы раскрываліся і падчас працы ў групах, калі маладыя людзі з дапамогай святароў, сясцёр салезіянак, салезіян-супрацоўнікаў і аніматараў маглі падыскутаваць і падзяліцца думкамі на тэму дня. Працуючы ў групах, маладыя людзі, між іншым, вучыліся адказнасці, павазе да старэйшага пакалення і да бліжняга, адказнаму стаўленню да аховы навакольнага асяроддзя.
Важны момант евангелізацыі ў СМЕП – вясёлыя вечары, на якія заўсёды запрашаюцца жыхары тых населеных пунктаў, дзе прыпыняецца пілігрымка. У час такога вечару моладзь дзеліцца багаццем сваіх талентаў, сведчыць пра сваю веру і радасць ад жыцця, заснаванага на хрысціянскім падмурку. У гэтым годзе шматлікія вясёлыя вечары дапамагаў арганізоўваць кс. Артур Ляшнеўскі SDB разам з камандай салезіянаў-супрацоўнікаў са Смаргоні.