9 чэрвеня каад’ютар Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Уладзімір Гуляй здзейсніў візіт у сваю родную парафію св. Вацлава ў Ваўкавыску.
Гэтую парафію іерарх наведаў пасля прыняцця біскупскага пасвячэння ўпершыню. Упершыню ён узначаліў там святую Імшу ў якасці біскупа.
На ўрачыстай Эўхарыстыі сабраліся шматлікія вернікі, у тым ліку моладзь і дзеці. Да супольнай малітвы далучыліся святары парафіі, з якімі біскуп сябраваў у юнацтве, разам з якімі служыў міністрантам, вучыўся ў семінарыі.
Урачыстасць пачалася на могілках на месцы пахавання кс. прэлата Антонія Філіпчыка, які шмат гадоў быў пробашчам гэтай парафіі. Дзякуючы ягонаму прыкладу добрага і руплівага душпастыра шмат юнакоў з парафіяльнай супольнасці адкрылі пакліканне да служэння ў Касцёле. Да ліку выхаванцаў ксяндза Антонія належыць і біскуп Уладзімір.
Згодна з традыцыяй прыміцыйнай Імшы, якая цэлебруецца неапрэзбітэрам пасля прыняцця сакрамэнту пасвячэння, іерарх у суправаджэнні дзяцей парафіі быў урачыста праведзены ў касцёл. 25 гадоў таму ён, калі быў маладым святаром, цэлебраваў у гэтым касцёле прыміцыйную літургію.
Гамілію на Імшы прамовіў кс. Аляксандр Баклажэц, пробашч парафіі Божага Цела ў Крамяніцы (Ваўкавыскі дэканат).
Сярод прысутных панавала атмасфера спакою, добразычлівасці, радасці. Прадстаўнікі парафіі выказалі іерарху сардэчныя віншаванні. Па іх словах, яны ганарацца тым, што менавіта ў іх супольнасці Пан заўважыў і абраў новага біскупа.
Каад’ютар Гродзенскай дыяцэзіі, вельмі ўдзячны прысутным, з цеплынёй успамінаў мінулыя гады і людзей, якіх Бог паставіў на яго шляху. Таксама іерарх звярнуўся да сваіх землякоў з просьбай падтрымліваць малітвай яго пастырскае служэнне Касцёлу.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі