Skip to main content

“Калі шукаеш цудаў – ідзі да Антонія”: адпустовую ўрачыстасць адзначылі з удзелам біскупа Кашкевіча ў Адэльску

adpust adelsk 3813 чэрвеня ў парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Адэльску (дэканат Гродна-Захад) адзначылі адпустовую ўрачыстасць у гонар св. Антонія Падуанскага. Святкаванне ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

Гэтая парафіяльная ўрачыстасць збірае вялікую колькасць вернікаў з усяго наваколля незалежна ад дня тыдня. Па традыцыі яна дзеліцца на дзве часткі: сакральная – святая Імша на палявым алтары, а затым свецкая, на спецыяльнай пляцоўцы – культурна-забаўляльныя мерапрыемствы: выступленні харавых калектываў, латарэі, гульні і інш.

У цэнтры Адэльска знаходзіцца фігура св. Антонія, якая быццам вітае кожнага, хто апынаецца там. У мясцовым касцёле захоўваецца яго цудадзейны абраз. З асобай гэтага вядомага святога звязана прыказка: “Калі шукаеш цудаў – ідзі да Антонія”.

Адпустовую Імшу ў межах урачыстасці біскуп Гродзенскі цэлебраваў у інтэнцыі ўсіх, хто ўтварае адэльскую парафіяльную супольнасць.

adpust adelsk 4

У гаміліі канцлер біскупскай курыі ў Гродне кс. канонік Аляксандр Мацкевіч прадставіў Антонія Падуанскага як чалавека глыбокай веры, славутага прапаведніка, цудатворцу, дабрачынца і апекуна ў пошуку згубленых рэчаў.

У канцы Эўхарыстыі пробашч кс. канонік Віктар Мыслюк падзякаваў усім шматлікім прысутным за ўдзел у святкаванні. Затым да фігуры святога Антонія ў цэнтры мястэчка вырушыла працэсія.

Пасля малітвы да святога біскуп благаславіў хлеб святога Антонія. Гэтая традыцыя бярэ пачатак у наступнай гісторыі. Маленькі хлопчык, гуляючы дома, зваліўся ў пасудзіну з вадой. Спалоханая маці крычала і выхоплівала адтуль дзіця, якое ўжо было мёртвае. Тулячы яго да сябе, яна прасіла святога Антонія вярнуць хлопчыку жыццё, абяцаючы за гэта ахвяраваць бедным столькі прасяной мукі, колькі важыць дзіця.

Хлопчык ажыў. Так з’явіўся хлеб святога Антонія. Адсюль паходзіць традыцыя благаслаўляць і раздаваць вернікам маленькія хлябцы ў многіх нашых святынях у яго літургічны ўспамін. Узамен за атрыманы хлеб трэба скласці дабравольнае ахвяраванне, якое прызначаецца бедным.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

Фота: Кірыл Чароўскі