Skip to main content

25-годдзе з часу беатыфікацыі сваёй апякункі адзначылі ў гродзенскай парафіі бл. Мар’яны Бярнацкай на адпустовай урачыстасці

adpust baranawicze 1512 чэрвеня парафія благаслаўлёнай Мар’яны Бярнацкай у Гродне святкавала адпустовую ўрачыстасць у гонар сваёй нябеснай апякункі.

Сёлета парафіяльная супольнасць дзякавала Богу з нагоды 25-годдзя з часу беатыфікацыі благаслаўлёнай Мар’яны, адной з мучанікаў Другой сусветнай вайны. Беатыфікацыю здзейсніў 13 чэрвеня 1999 г. у Варшаве Папа Ян Павел ІІ, абвясціўшы благаслаўлёнымі 108 мучанікаў таталітарных рэжымаў. У час вайны Мар’яна ў парыве сэрца дабравольна аддала жыццё за бліжняга – за сваю нявестку, якая чакала нараджэння дзіцяці.

Святую Імшу ў часовай капліцы парафіі, побач з якой узводзіцца касцёл, узначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. У літургіі ўдзельнічалі шматлікія мясцовыя вернікі і госці, сярод якіх было духавенства Сапоцкінскага дэканату і законныя сёстры Кангрэгацыі Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта.

Удзельнікі ўрачыстасці маліліся аб шчаслівым будаўніцтве касцёла парафіі бл. Мар’яны і за ўсіх, хто падтрымлівае парафіяльную супольнасць працай, ахвяраваннямі і малітвай.

adpust baranawicze 9

У гаміліі дэкан Сапоцкінскага дэканату кс. Антоній Абухоўскі звярнуў увагу на некаторыя эпізоды жыцця благаслаўлёнай Мар’яны. Ён заклікаў усіх, хто ўтварае гэтую парафію, на ўзор сваёй апякункі засноўваць міжчалавечыя адносіны на павазе і любові да бліжняга.

Святар заахвоціў паважаць старэйшых, асабліва сваіх блізкіх, якія перадалі дар жыцця і веры.

У канцы Эўхарыстыі самыя малодшыя вернікі падзякавалі біскупу Аляксандру ад імя парафіяльнай супольнасці за візіт у гэты важны для яе дзень і за малітву, а таксама папрасілі ўдзяліць благаслаўленне на працяг будаўніцтва парафіяльнай святыні і жывога Касцёла, які ўтвараюць людзі.

adpust baranawicze 14

Пробашч кс. канонік Юрый Марціновіч адзначыў, што адпустовая ўрачыстасць павінна стаць для парафіяльнай супольнасці матывацыяй да яшчэ большых старанняў засноўваць жыццё на Евангеллі, будаваць сваю рэчаіснасць на Богу і з Богам.

Біскуп ад імя Касцёла падзякаваў вернікам за будаўніцтва святыні і вялікі клопат аб сваім духоўным жыцці. Іерарх пажадаў, каб з Божай дапамогай і пры ўдзеле людзей добрай волі святыню ўдалося пабудаваць.

adpust baranawicze 17

Парафіяльны касцёл, які ўзводзіцца ў гродзенскім мікрараёне Баранавічы з 2022 г., будзе першым у свеце пад тытулам бл. Мар’яны Бярнацкай.

Вернікі гэтай маладой энергічнай супольнасці перакананыя, што апякунка парафіі заўсёды дапамагае iм жыць так, каб у гэтым жыцці хтосьці акрамя іх меў значэнне і нават быў важнейшы за iх. Таму яны даручаюць усе свае справы благаслаўлёнай Мар’яне, праз чыё заступніцтва прадстаўляюцца Богу іх патрэбы і інтэнцыі.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

Фота: Артур Антушэвіч