Курыя Гродзенскай дыяцэзіі паведамляе, што 20 снежня ў Польшчы ва ўзросце 59 гадоў адышоў у вечнасць кс. Рышард Чайка, які належаў да Таварыства Хрыста (хрыстусоўцы) для палякаў-эмігрантаў.
Святар быў пробашчам парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Марыянаве (Польшча), а раней служыў на тэрыторыі Гродзенскай дыяцэзіі.
У 1995-1996 гг. быў вікарыем катэдральнай парафіі св. Францішка Ксаверыя ў Гродне.
У 1996-1997 гг. служыў у парафіі святых Пятра і Паўла ў Іўі.
З верасня 1997 да чэрвеня 2007 г. быў пробашчам парафіі св. Мікалая ў Геранёнах (Іўеўскі дэканат).
Служачы ў Геранёнах, вельмі шмат зрабіў для мясцовых вернікаў, а таксама ў справе аднаўлення ўнікальнай гістарычнай святыні.
Развітанне з ксяндзом Рышардам адбудзецца ў парафіяльным касцёле ў Марыянаве 22 снежня на святой Імшы ў 18.00 па польскім часе.
Пахавальная цырымонія пройдзе 23 снежня ў касцёле св. Яна Хрысціцеля ў Старгардзе. У 9.30 па польскім часе адбудзецца малітва Ружанца, у 10.00 – святая Імша, затым пахаванне на Старых могілках Старгарда, дзе цела спачылага будзе чакаць уваскрасення.
Ксёндз Рышард Чайка SChr нарадзіўся 20 кастрычніка 1964 г. у Старгардзе-Шчэціньскім (Польшча). Прэзбітэрскае пасвячэнне яму было ўдзелена 21 мая 1991 г. у познаньскай катэдры біскупам Станіславам Напералам.
Пасля пасвячэння распачаў у ліпені 1991 г. душпастырскую працу ў якасці вікарыя ў Каменцы-Падольскім ва Украіне. Праз два гады быў прызначаны пробашчам парафіі св. Людвіка ў Крывым Возеры. На ўкраінскай зямлі служыў да верасня 1995 г., затым быў накіраваны ў Беларусь у Гродзенскую дыяцэзію.