6 жніўня стала памятнай датай у гісторыі парафіі святых Космы і Дам’яна ў Астраўцы. У гэты дзень, свята Перамянення Пана, сёстры служабніцы Езуса ў Эўхарыстыі, якія працуюць у парафіі, адзначылі юбілей 100-годдзя з дня заснавання іх кангрэгацыі.
Урачыстасць распачалася святой Імшой, на якой сабраліся сёстры з Барысава, Браслава і Астраўца, удзячныя парафіяне і госці.
На пачатку пробашч парафіі кс. канонік Юзаф Багдзевіч падзякаваў усім сёстрам за адданую працу на працягу столькіх гадоў, за падрыхтоўку дзяцей і моладзі да прыняцця сакрамэнтаў і за дапамогу пры касцёле.
Сястра Ала пазнаёміла парафіян з гісторыяй паўстання кангрэгацыі ў Астраўцы.
Пасля Імшы сёстры эўхарысткі прымалі віншаванні ад касцёльнага камітэту, парафіяльнага хору, дзяцей, моладзі і гасцей, якія прыбылі на ўрачыстасць.
Таксама с. Ала запрасіла прысутных да прагляду прэзентацыі пра гісторыю і дзейнасць сясцёр эўхарыстак ва ўсім свеце.
Парафіяне ўдзячныя сёстрам за адданае служэнне, за іх вялікія сэрцы, адкрытасць і любоў. Бязмежна ўдзячныя яны таксама за прыклад моцнай веры і пакоры.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі