15 ліпеня ў дыяцэзіяльным санктуарыі ў Гудагаі (Астравецкі дэканат) пачаліся штогадовыя адпустовыя ўрачыстасці ў гонар Маці Божай Шкаплернай.
Кармэліты босыя – духоўныя сыны Маці Божай Шкаплернай і апекуны санктуарыя – запрасілі ўсіх ахвотных супольна адзначыць 260-ю гадавіну пабудовы гудагайскай святыні.
Драўляны касцёл у Гудагаі пабудавала ў 1763 годзе Людвіга Ганна Война з Сулістроўскіх, якая разам са сваім мужам і вернікамі наваколля пажадала аддаць хвалу Богу і Найсвяцейшай Маці ў Яе выяве, што ўжо тады лічылася славутай ласкамі, або цудадзейнай.
Удзельнікі ўрачыстасцяў узгадалі ў малітве ксяндза Адама Вайцяхоўскага, 50-я гадавіна смерці якога адзначаецца сёлета і які рупліва служыў пробашчам гудагайскай парафіі з 1959 года да адыходу ў вечнасць у 1973 годзе. Ксёндз Адам вельмі шанаваў Гудагайскую Маці Божую Шкаплерную і памёр у дзень Яе свята, 16 ліпеня, што вернікі палічылі асаблівым знакам Божага Провіду і любові Панны Марыі.
Пачаліся ўрачыстасці святой Імшой, якую ўзначаліў генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі. На літургіі была завершана навэнна, якой мясцовыя парафіяне няспынна маліліся на працягу дзевяці дзён, рыхтуючыся да ўрачыстасцяў. Затым на гудагайскай Кальварыі адбыўся Крыжовы шлях.
Апоўначы адбылася працэсія са свечкамі вакол касцёла і могілак, а затым святая Імша на палявым алтары, якую ўзначаліў арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч.
У гаміліі ён падкрэсліў, што пілігрымы, якія прыбываюць у гэты ціхі і маляўнічы куток нашай Бацькаўшчыны, усведамляюць яго асаблівасць, разумеюць, што там Бог праз заступніцтва Марыі дакранаецца да чалавека сваёй любоўю і міласэрнасцю, каб перамяняць яго на шляху веры.
Па словах іерарха, “сучасны чалавек з мэтай быць паспяховым стараецца з усіх сіл не выпасці з мэйнстрыму, бо на яго месца прыйдзе іншы”, а ў выніку “пакідае духоўнае жыццё на потым, якое можа і не наступіць”.
“У гэткай мітусні яму патрэбна спакойная гавань, каб знайсці сябе і сэнс свайго жыцця. У гудагайскім санктуарыі пад чуйным вокам Божай Маці Шкаплернай чалавек мае магчымасць спыніцца і задумацца, дзеля чаго жыве. У гэтай школе Марыі мы вучымся быць дзецьмі Яе Сына, падобнымі да Яе табэрнакулюмамі, у якіх жыве Хрыстус і наталяе наш духоўны голад”, – сказаў арцыбіскуп.
Ён дадаў, што ў гудагайскай святыні, якой сёлета 260 гадоў, людзі пазнавалі Божыя праўды і стваралі жывы Касцёл, тут здараліся цуды аздараўлення душы і цела, Маці Божая Шкаплерная выпрошвала патрэбныя для людзей ласкі, у часы ганенняў дапамагала захаваць веру, і калі ў новых для веравызнання ўмовах “падземная рака веры” вырвалася наверх, ажыў і санктуарый.
Арцыбіскуп адзначыў, што “Беларусь – Марыйная зямля”, “аднак штодзённае стаўленне сучаснага чалавека да веры выклікае сур'ёзныя сумневы ў якасці нашага хрысціянскага жыцця і аўтэнтычнасці Марыйнай пабожнасці”. Сучасным вернікам, па словах арцыбіскупа, варта спытаць сябе, чаму іх жыццё не сведчыць, што Бог для іх на першым месцы, што яны згаджаюцца з Яго воляй, што дапамагаюць іншым лепей пазнаваць Яго і давяраць Яму, і чаму Яго вучэнне не прысутнічае ў іх штодзённых справах.
“Мы баімся запрасіць Езуса да сябе, каб цалкам і без абмежаванняў адкрыцца Яму. У той жа час святы Ян Павел ІІ кажа, што без Хрыста чалавек не можа пазнаць сябе да канца. Таму неабходна дазволіць Яму ўвайсці ў нашыя душы”, – заўважыў арцыбіскуп.
Іерарх завяршыў гамілію малітвай: “Марыя, Ты выбрала для сябе старажытны Гудагай, каб тут шчодра выліваліся Божыя ласкі на Тваіх дзяцей. Ты ніколі не адварочваеш свайго міласцівага аблічча ад тых, хто з даверам і верай звяртаецца да Цябе. Давяраючы Табе, спадзяёмся, што і далей будзеш выслухоўваць нас і дапаможаш спаткацца з Тваім Сынам Езусам Хрыстом. А старажытная гудагайская святыня, у якой Ты валадарыш, будзе домам Бога і брамай неба для тых, хто да Цябе прыбягае”.
Пасля Імшы пачалося начное чуванне.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі