З 17 па 22 красавіка адбыліся рэкалекцыі для салезіянаў, якія служаць у Беларусі. Гэтыя рэкалекцыі традыцыйна праходзяць штогод на другім Велікодным тыдні.
Як паведамляецца на сайце салезіянаў ксяндза Боско ў Беларусі sdb.by, духоўныя практыкаванні прайшлі ў рэкалекцыйным доме пры дыяцэзіяльным санктуарыі Езуса Журботнага ў Росі (Ваўкавыскі дэканат).
Сумесна з салезіянамі ў рэкалекцыях удзельнічалі браты з Кангрэгацыі святога Арханёла Міхала (міхаліты), якія таксама з’яўляюцца часткай салезіянскай сям’і.
Сёлетнія духоўныя практыкаванні правёў генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, які разам з сабратамі разважаў над святарствам, а таксама над тым, што значыць у сённяшнім свеце быць салезіянінам-выхаваўцам.
Важнасць удзелу ў штогадовых рэкалекцыях падкрэсліваецца і ў салезіянскай канстытуцыі: «Гэта перыяды духоўнага адраджэння, якія Дон Боско лічыў асноўнай часткай і абагульненнем усіх рэлігійных практыкаванняў. Для ўсёй супольнасці і для кожнага салезіяніна гэта асаблівая магчымасць слухаць слова Бога, распазнаваць Ягоную волю і ачышчаць сэрца. Гэты час ласкі вяртае нашай душы глыбокае адзінства ў Езусе Хрысце і ажыўляе ў нас чаканне Яго другога прыйсця» (П 73).