7 красавіка, у Вялікую пятніцу, вернікі парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе на ўрачыстай малітве ўшанавалі Крыж Езуса Хрыста, які з’яўляецца сімвалам адначасова пакутаў і збаўлення. Малітву ўзначаліў арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч.
Набажэнства нагадвала вернікам пра тое, што два тысячагоддзі таму Езус быў укрыжаваны, але не толькі не страціў сваё жыццё, але і адкрыў жыццё вечнае для кожнага чалавека.
У гаміліі арцыбіскуп звярнуўся да вернікаў з пытаннем: “Ці вартае наша жыццё смерці кагосьці іншага? Ці ёсць хтосьці, хто гатовы аддаць сваё жыццё за нас?” І адказаў: “Так, ёсць. Гэта Езус Хрыстус. Мы вартыя Яго смерці, бо створаны па вобразу і падабенству Божаму. Бог не хоча, каб чалавек, як шэдэўр яго стварэння, загінуў. Менавіта таму Сын Божы стаўся чалавекам дзеля нас і нашага збаўлення”.
Іерарх нагадаў, што назва Вялікай пятніцы на англійскай мове – “Good Friday”, што значыць “Добрая пятніца”. “Сапраўды добрая, бо ў гэты дзень дваццаць стагоддзяў таму здейснілася нашае збаўленне. Езус прыйшоў шукаць і ратаваць страчанае і ўчыніў гэта праз збаўчую смерць на крыжы”, – дадаў арцыбіскуп.
Ён адзначыў, што “дух збаўчай самаахвяры Езуса перадаецца нам, Яго крыж прапануе нам ласку і міласэрнасць Бога”. “Парадокс крыжа ў тым, што ён, прадстаўляючы цярпенні Хрыста, працягвае ратаваць, аздараўляць і суцяшаць церпячых”, – падкрэсліў іерарх.
Па словах арцыбіскупа, “Вялікая пятніца вучыць, што збаўленне – гэта не тавар, які можна набыць”. “Ласку збаўлення мы атрымліваем праз лучнасць са Збаўцам, – патлумачыў ён. – Таму абсурдна думаць пра збаўленне як пра дараванне зямнога шчасця, якое не вызваляе чалавека ад зла. Гэта падобна да сітуацыі, калі вязень марыць аб свабодзе, але яму ў галаву не прыходзіць, што без скідання кайданоў яе няма”.
Арцыбіскуп заклікаў вернікаў падчас адарацыі Крыжа зазірнуць у поўныя бязмежнай міласэрнасці вочы Езуса, падзякаваць за Яго любоў да нас і памятаць аб тым, што чынім гэта не дзеля Бога, а дзеля нас саміх і нашага збаўлення.
На заканчэнне набажэнства Найсвяцейшы Сакрамэнт перанеслі ў грабніцу Пана, дзе адбываецца яго выстаўленне ў манстранцыі, накрытай празрыстым белым вэлюмам, як напамін пра саван, які ўкрываў цела Езуса.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі