Skip to main content

Каталіцкія біскупы Беларусі запрашаюць да малітвы за пацярпелых ад землятрусу ў Турцыі і Сірыі, а таксама ад войнаў

ccbbПаведамленне Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі у сувязі з землятрусам у Турцы і Сірыі.

"Сапраўды таксама кажу вам, што калі двое з вас на зямлі згодна прасілі б аб чым-небудзь, то станецца ім ад Айца Майго, які ў нябёсах."
Мц 18, 19

Паважаныя святары, шаноўныя кансэкраваныя асобы, дарагія браты і сёстры ў Хрысце!

Час, у які мы з вамі жывем, напоўнены людскім цярпеннем і выпрабаваннямі. Эпідэміі, войны, прыродныя катаклізмы сталі адметнай рысай пачатку трэцяга тысячагоддзя. Зноў з вялікім смуткам мы чуем паведамленне аб моцным землятрусе, які адбыўся 6 лютага гэтага года на паўднёвым усходзе Турцыі і ў паўночнай частцы Сірыі. Агульная колькасць загінулых перавысіла 21 тысячу. Тысячы будынкаў ляжаць у руінах, дзясяткі тысяч сем’яў засталіся без прытулку. На жаль, існуе рэальная небяспека паўтору бедства, якое можа прычыніць шкоду яшчэ большай колькасці людзей.

Перадусім ад імя вернікаў Каталіцкага Касцёла ў Беларусі выказваем нашую блізкасць да кожнага пацярпелага, да сем’яў ахвяр і да ўсіх тых, хто пакутуе ад гэтага разбуральнага бедства. Усіх памерлых аддаем Міласэрнасці ўсемагутнага Бога, а тым, хто аплаквае іх страту, выказваем шчырыя спачуванні.

Хвіліны выпрабаванняў заўсёды матывуюць да больш напружанай і інтэнсіўнай малітвы, асабліва калі чалавечы высілак не ў стане папярэдзіць ці прадухіліць тое ці іншае здарэнне ці небяспечную падзею. Таму і тут будзе вельмі патрэбнай наша супольная малітва ў падтрымку тых, хто змагаецца сёння з рознымі цяжкасцямі і выпрабаваннямі.

Заахвочваем усіх вернікаў і людзей добрай волі па меры сваіх магчымасцяў далучыцца да гэтай малітвы за ўсіх пацярпелых, іх родных, за загінулых як у гэтым землятрусе, так і падчас ваенных дзеянняў ва Украіне і ў іншых частках свету, а таксама за ўрачоў, ратаўнікоў і за ўсіх тых, хто прыкладае намаганні, каб выправіць наступствы трагедыі ў Турцыі і спыніць кафлікты, якія адбываюцца ў свеце.

Такім чынам далучымся да закліку Святога Айца Папы Францішка, які просіць кожнага чалавека ахапіць малітвай і праявіць салідарнасць з ахвярамі трагедый на пацярпелых тэрыторыях, а таксама тэрыторыях, змучаных вайной, аддаючы іх апецы Багародзіцы: «Прыйшоў час для спагады, прыйшоў час для салідарнасці. Хопіць нянавісці, хопіць войнаў і падзелаў, якія вядуць да самазнішчэння. Давайце аб’яднаемся ў болю, давайце дапаможам тым, хто пакутуе ў Турцыі і Сірыі, давайце будаваць мір і братэрства ў свеце», — напісаў Святы Айцец у сваім Твітары (гл. Twitter @Pontifex).

Усіх, хто прымае запрашэнне да малітвы, ад усяго сэрца благаслаўляем

Каталіцкія біскупы Беларусі

Тэкст Паведамлення для друку ТУТ>>>

Паводле Catholic.by