29 студзеня ў Сапоцкінскім культурна-гістарычным цэнтры адбыўся прагляд калядак і пастаралак. Гэтае свята прайшло ў 21-ы раз і сабрала шматлікіх вернікаў Сапоцкінскага дэканату, гасцей з Гродна і наваколля.
Ганаровым госцем святочнага канцэрту быў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
Канцэрт па традыцыі быў арганізаваны сапоцкінскай парафіяй Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі i св. Язафата Кунцэвіча ў супрацоўніцтве з Сапоцкінскім культурна-гістарычным цэнтрам.
Удзельнікі і госці мелі магчымасць у чарговы раз выказаць праз спеў радасць ад таго, што Пан нарадзіўся, супольна праславіць Бога, які з любові да людзей стаўся чалавекам, і такім чынам радасна адсвяткаваць нараджэнне Божай Любові.
Пачаўся канцэрт з дзялення аплаткамі. Потым на сцэне выступілі прадстаўнікі розных пакаленняў вернікаў. Сваімі выступленнямі яны імкнуліся данесці да шматлікіх слухачоў праўду пра Бога, які прыйшоў у свет у беднай стаенцы, каб стаць адным з нас і даць свету і людзям збаўленне.
Для многіх удзельнікаў ужо стала традыцыяй кожны год рыхтаваць новую калядку і прадстаўляць яе слухачам. Многія з нецярпеннем чакаюць гэтага дня, каб выйсці на сцэну і падзяліцца сваёй верай. Як адзначаюць яны, спеў калядак – найперш дзяленне верай і спосабам яе перажывання.
Гэтае свята даўно выйшла за межы Сапоцкінскага дэканату, у ім удзельнічаюць вернікі таксама з іншых месцаў. Сёлета ў канцэрце ўдзельнічалі дзеці і моладзь з парафіі Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Парэччы (дэканат Гродна-Усход), дзіцячы гурт “Анёлы” гродзенскай парафіі Святога Духа (Альшанка), моладзевы гурт “Альфа” з Гродна.
Кожны год у мерапрыемстве ўдзельнічаюць новыя гурты і асобныя выканаўцы, кожны ўносіць штосьці арыгінальнае і спрыяе таму, каб радаснае “Gloria” з большай моцай разыходзілася далей.
На заканчэнне канцэрту біскуп Аляксандр Кашкевіч падзякаваў усім яго ўдзельнікам і гасцям за супольнае калядаванне. Як падкрэсліў іерарх, “вельмі важна, каб сёння мы ўмелі шанаваць нашы хрысціянскія традыцыі, умелі дзяліцца сваімі талентамі, а найперш верай, і яшчэ больш умацоўваць яе”.
Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне выказаў удзячнасць арганізатарам гэтага мерапрыемства – у першую чаргу пробашчу сапоцкінскай парафіі кс. Антонію Абухоўскаму, кіраўніцтву Сапоцкінскага культурна-гістарычнага цэнтра i яго загадчыку Ганне Галубцовай.
Таксама іерарх падзякаваў усім, хто далучыўся да супольнага калядавання падчас гэтага незабыўнага, дружнага, вясёлага і сапраўды сямейнага дня каляднай песні.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі