
Сапраўдным падарункам для жыхароў мястэчка стала выступленне школьнікаў з “Батлейкай” 8 студзеня. У 50-хвілінным спектаклі на польскай мове дзеці са сваімі героямі перажылі гісторыю з’яўляення маленькага Езуса, адчулі ролю гэтай падзеі для ўсіх людзей. Тут ажылі вобразы трох каралёў, якія прынеслі маленькаму Езусу дары, пранікнёна гучала песня “Не было месца для Цябе”. Нядзіўна, што ў некаторых гледачоў на вачах з’явіліся слёзы. Тулянні Марыі і Юзафа выклікалі шчырыя спачуванні. А якім непаўторным быў цар Ірад! У падрыхтоўцы дзіцячага выступлення вялікая заслуга с. Ганны Насевіч і пробашча жалудоцкай парафіі ксяндза Яна Рэйшаля, якія змаглі заахвоціць дзяцей ідэяй спектакля. Граючы на сцэне, хлопцы і дзяўчаты суперажывалі сваім героям. Яны не толькі змаглі праявіць свой артыстычны талент, але і іначай паглядзелі на сваё жыццё, на свае ўчынкі.

З падарункамі для юных актораў у Жалудок прыехала сп. Тэрэза Крышын, намесніца старшыні Польскай Мацежы Школьнай. Яна падзякавала выступоўцам за спектакль, адзначыла добры ўзровень падрыхтоўкі і цікавыя сцэнічныя касцюмы, а таксама пажадала, каб святло Божага Нараджэння ніколі не гасла ў душах дзяцей.
А 15 студзеня дзеці выступілі з “Батлейкай” перад парафіянамі вёскі Рэпля Ваўкавыскага раёна. Тут “Батлейка” таксама пацешыла гледачоў: гучалі словы ўдзячнасці маладым акторам за адраджэнне старых традыцый і запрашэнне прыехаць з выступленнем яшчэ.
Мінуць гады. З сённяшніх касцюмаў маладыя артысты вырастуць і раз’едуцца па розных мясцінах. Але я ўпэўнена, што ў іх памяці назаўсёды застануцца тыя шчаслівыя імгненні цішыні глядзельнай залы, нязгаслае святло Божага Нараджэння і вера ў тое, што дабро заўсёды пераможа зло…
Спадарыня Галіна,
Настаўніца сярэдняй школы імя Урублеўскага ў Жалудку

