29 жніўня ў будынку Гродзенскай курыі адбылася сустрэча катэхетаў, якія служаць на тэрыторыі Гродзенскай дыяцэзіі. Гэтай сустрэчай быў урачыста адкрыты новы катэхетычны год у дыяцэзіі.
На сустрэчы сабраліся святары, сёстры законныя, свецкія асобы. Прысутныя выслухалі дзве канферэнцыі, удзельнічалі ў малітве перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам і ў святой Імшы.
У першай канферэнцыі пробашч грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Фацімскай а. Андрэй Крот, выкладчык Тэалагічнага каледжа імя св. Казіміра ў Гродне, казаў пра новую евангелізацыю. Святар нагадаў, што гэта працэс перадачы веры людзям, асяроддзям, рэгіёнам або нават краінам, якія ў мінулым былі ахрышчаны, выраслі з хрысціянскай веры, але па розных прычынах страцілі яе. Акрамя таго, ён прывёў прыклады некаторых святых Грэка-Каталіцкай Царквы.
У другой канферэнцыі катэхетка Таццяна Канашэнкава казала пра супрацоўніцтва катэхетаў з бацькамі. На аснове ўласнага досведу яна адзначыла, што творчае супрацоўніцтва можа прычыніцца да ажыўлення адносін катэхета і бацькоў, у выніку чаго, безумоўна, палепшыцца якасць рэлігійнага выхавання.
Душпастыр моладзі кс. канонік Антоні Грэмза падзяліўся ўласным сведчаннем служэння сярод маладых людзей на прыкладзе Душпастырства студэнтаў і старэйшай моладзі г. Гродна “OPEN”.
Кульмінацыяй сустрэчы стала святая Імша ў рэктаральным касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі (пабрыгіцкі), якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Іерарх цэлебраваў Імшу ў інтэнцыі ўсіх, хто займаецца катэхізацыяй у дыяцэзіі, a таксама за дзяцей, моладзь і дарослых, якія сёлета будуць удзельнічаць у катэхізацыі.
У гаміліі катэхетычны візітатар дэканату Гродна-Усход а. Андрэй Урублеўскі CSsR звярнуў увагу на тое, што служэнне катэхета павінна весці да блізкасці з Хрыстом, а таксама быць евангелізацыяй і выхоўваць чалавецтва, што з'яўляецца рэалізацыяй місіі Касцёла.
У канцы Эўхарыстыі біскуп падзякаваў катэхетам за вялікую працу суправаджэння вучняў ва ўзрастанні ў веры і за тое, што ўласным стаўленнем, паводзінамі, стылем жыцця яны даюць прыклад веры.
Іерарх пажадаў, каб новы катэхетычны год быў багатым на Божую ласку, а штодзённае служэнне дзецям і моладзі прыносіла катэхетам толькі радасць і задавальненне.
Ён выказаў удзячнасць Аддзелу каталіцкага навучання і выхавання Гродзенскай курыі на чале з дырэктарам а. Андрэем Шчупалам CSsR за клопат аб узроўні катэхізацыі ў Гродзенскай дыяцэзіі.
Сустрэча, якая завяршылася супольным абедам у сталовай семінарыі, стала нагодай набрацца духоўных сіл, патрэбных, каб весці дзяцей і моладзь да Бога – крыніцы ўсялякага дабра. У яе ходзе катэхеты мелі таксама магчымасць абмяняцца вопытам і метадамі, якія выкарыстоўваюць у працы.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі