20 красавіка на паўднёвай ускраіне Воранава асвяцілі каталіцкі і праваслаўны крыжы, a таксама фігуру Найсвяцейшай Дзевы Марыі.
Як паведамляe voran.by, усталяванне і асвячэнне хрысціянскіх сімвалаў было прымеркавана да ўрачыстасці Уваскрасення Пана, якую каталіцкія і праваслаўныя вернікі адзначаюць сёлета з розніцай у адзін тыдзень.
Падзея стала знакавай для жыхароў Воранава. Нават дождж, які ішоў зранку, не перашкодзіў варанаўчанам засведчыць, што ў райцэнтры з’явілася новае месца для супольнай малітвы.
“Упэўнены, што створаны вобраз Дзевы Марыі будзе абярэгам для воранаўскай зямлі. А гэтае месца стане візітнай карткай нашага пасёлка”, – адзначыў, звяртаючыся да прысутных, старшыня райвыканкама Дзмітрый Захарчук. Ён падзякаваў усім неабыякавым людзям, якія прынялі ўдзел у стварэнні фігуры.
Пры падтрымцы і садзейнічанні раённай улады да гэтай справы далучыліся шматлікія неабыякавыя варанаўчане. Гэта касцёльны камітэт, праваслаўныя вернікі, калектыў каледжа, кіраўнікі арганізацый, індывідуальныя прадпрымальнікі.
Крыжы і фігуру асвяцілі пробашч каталіцкай парафіі ксёндз Анджэй Вітэк SAC і настаяцель праваслаўнага прыходу іерэй Ігар Валошын. Яны адзначылі, што на воранаўскай зямлі здаўна ў добрасуседстве і згодзе жывуць прадстаўнікі розных нацыянальнасцяў і канфесій і паважаюць адзін аднаго. Сімвалам гэтага і стала сёлетняя падзея.
Няхай і далей паміж варанаўчанамі не будзе разладу, заўжды пануе еднасць, а гэтыя крыжы няхай будуць знакам умацавання веры і духоўнасці мясцовых жыхароў.