З 3 па 5 студзеня ў Навагрудку пры кляштары Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта прайшлі рэкалекцыі для дзяўчат. “Што хавае маё сэрца?” – такой была тэма духоўных практыкаванняў.
Сустрэча пачалася са знаёмства. Прыехалі дзяўчаты з розных парафій Гродна, а таксама Ліды, Стаўбцоў, Навагрудка і Мінска.
Канферэнцыі праводзіў кс. Аляксандр Фядотаў SCI. Святар разважаў пра постаці Евы і Марыі. Усіх прысутных дзяўчат аб’ядноўвала жаданне распазнаць сваё пакліканне, даведацца, што на самой справе хаваюць іх сэрцы.
Акрамя малітвы і канферэнцый, былі вясёлыя вечары, прагляд фільмаў, якія дапамагалі адкрыцца на іншых, завесці новыя знаёмствы.
Удзельніцам вельмі спадабалася разважаць над Божым словам. На пачатку сустрэчы сёстры назарэтанкі запрасілі іх пагуляць у “таемнага анёла”: у гэтай гульні трэба было на працягу трох дзён маліцца адна за адну. І гэта з’ядноўвала прысутных.
У апошні дзень ніхто з дзяўчат не хацеў пакідаць навагрудскага Назарэта, яны дзяліліся сваімі адчуваннямі. “Сёстры былі вельмі ветлівыя, з матчынай любоўю адносіліся да кожнай з нас”, – так казалі ўдзельніцы, дадаючы, што ўжо чакаюць наступных рэкалекцый.
Вікторыя Папко
Фота: с. Ганна Мацуль CSFN, с. Аляксандра Арэшка CSFN