Skip to main content

Сем’і сустрэлі Новы год у навагрудскім Назарэце

semja ng 29Ужо традыцыйна на мяжы старога і новага года ў Навагрудку прайшла сустрэча сем’яў Асацыяцыі Святой Сям’і пры кангрэгацыі сясцёр назарэтанак. Сустрэча стала трынаццатай па ліку.

Удзел у ёй прынялі 55 чалавек, малодшаму з якіх быў адзін месяц. Каб разам сустрэць Новы год, прыбылі сем’і з розных месцаў нашай краіны: Гродна, Іўя, Новай Мышы, Ліды і Мінска.

Сустрэча пачалася адарацыяй Найсвяцейшага Сакрамэнту. Затым адбылася святая Імша, на якой удзельнікі дзякавалі за мінулы год і прасілі Божага благаслаўлення для сваіх сем’яў на новы.

Пасля Эўхарыстыі была падрыхтавана вясёлая праграма да раніцы. Кожная сям’я прадставіла сябе, выканаўшы песні, танцы і вершы. Былі цёплыя душэўныя спевы.

Наступны дзень праходзіў у разважанні аб малітве ў нашым жыцці. Ксёндз Алег Шпець TChr з Мінска падзяліўся думкамі пра малітву, пра тое, чаму нам часам здаецца, быццам Бог нас не чуе. Разважанні былі заснаваны на прыкладах са Святога Пісання. Пасля вячэры адбылася традыцыйная гульня “Што? Дзе? Калі?” на аснове пытанняў з Бібліі. Было шмат эмоцый і радасці.

Пасля пачаўся рамантычны вечар для сужэнцаў. Калі дзеці пайшлі спаць, пары сустрэліся ў кляштарнай кавярні і пры святле свечак пад ціхую музыку маглі паразмаўляць і паразважаць аб сямейным жыцці.

Арганізатар сустрэчы с. Марыяна Алешчык CSFN адзначае, што сама была пад уражаннем, наколькі ўдзельнікі аказаліся адкрытымі адно на аднаго і на дзеянне Бога ў іх жыцці.

“Практычна ўсе сем’і шматдзетныя, са сваімі праблемамі і цяжкасцямі. І гэтыя людзі знаходзяць час, каб сустрэць Новы год у хрысціянскай супольнасці, адкладваюць свае справы, імкнуцца жыць па-Божаму, не так, як сёння прапануе нам сучасны свет са сваёй мітуснёй і марнасцю”, – дадае законніца.

Назарэтанка падкрэслівае, што вельмі закранутая гэтай сустрэчай. Па яе словах, атмасфера залежыць ад кожнага з нас, на сустрэчы ўсе гатовы былі служыць адзін аднаму, яна бачыла радасць і ўсмешкі, не было нараканняў на стомленасць.

“Адчуванне евангельскай атмасфера першых хрысціян… слёзы на развітанне ў вачах удзельнікаў і словы ўдзячнасці пра многае казалі”, – адзначае с. Марыяна. Таксама яна дзякуе ўсім, хто дапамагаў ёй у арганізацыі сустрэчы: кс. Алегу Шпецю за шматгадовае супрацоўніцтва, сваім паплечніцам сёстрам Філатэі Ціхановіч, Тэрэзе Кучынскай, Ганне Мацуль, Назарыі Міклаш.

Прыводзім некалькі сведчанняў сем’яў, якія ўдзельнічалі ў сустрэчы.

Пан дзейнічае ў нашым жыцці

Наша сям’я другi раз сустрэла Новы год у Навагрудку. I гэта сапраўды класны час, якi мы правялi з сям’ёй, з тымi, хто вельмi блiзкi да нас. Мы ўчора яшчэ раз здзiвiлiся таму, як правiльна менавiта для нас дзейнiчае Пан Бог, як своечасова прывёў у супольнасць, як цярплiва паказваў нам гадамi шлях, якiм наша сям’я павiнна iсцi.

Я адкрыю сакрэт, што нiколi не любiла Новы год, не разумела яго, i быў час, калi мы не асабліва яго святкавалi, муж працаваў, а я і дзеці iшлі спаць.

I так крута склалася ў гэтым годзе, што мы знайшлi ў сабе мужнасць паехаць у Навагрудак. I для мяне склаўся пазл: святая Імша на пачатак года, вясёлая ноч са спевамi i танцамі. Размовы, канферэнцыi, якiя, здаецца, рыхтавалiся менавiта для нас i па нашых сямейных пытаннях. Рамантыка i па-сапраўднаму шчаслiвыя ўсмешкi дзяцей. Новыя знаёмыя, якiя праз пару хвiлiн ужо для цябе родныя, бо жывуць падобнымi марамi i праблемамi.

Вялiкi дзякуй сястрычкам, якiя дапамагаюць з дзецьмi, даюць магчымасць забыць пра гатаванне ежы, сястры Марыяне за тое, што раз за разам збiрае нас i так непаўторна арганiзуе час, ксяндзу Алегу за яго цудоўныя жыццёвыя казаннi, канферэнцыi i вельмi прыгожыя моцныя cпевы.

Дзякуй усiм i кожнаму, хто быў з намi гэты час, якi праляцеў як адно вельмi яскравае i непаўторнае iмгненне.

Сям’я Гардынец з Мінскa

semja ng 32

Бог дакранаецца да нашых сэрцаў

Наша сям’я далучылася да гэтай сустрэчы на другi дзень. Так цудоўна, што Бог пакiраваў i дапамог нам прыехаць! Гэта сапраўды непаўторны час для ўсёй сям’i! Вялiкi дзякуй усім, хто мае дачыненне да арганiзацыi i рэалiзацыi праграмы сустрэчы. Шмат чаго было, што дакраналася да самага сэрца, i гэта крута!

Усiм сем’ям таксама дзякую за тое, што мы былi разам i маглi вучыцца адзiн у аднаго быць лепшымi. Сапраўды хачу сказаць, што Назарэт – гэта наш духоўны дом, якi вядзе нас прамой дарогай да Бога!

Мужчынам таксама дзякую за Ружанец i за ваш досвед жыцця з Богам, з малiтвай, за прыклад сапраўднага таты! Мамам дзякую за тое, што былi разам, дзялiлiся сваёй мудрасцю i пяшчотай. Ксяндзу Алегу i сястры Марыяне дзякуем за ўсё-ўсе-ўсё! Дзякуем за цудоўны час, праведзены разам.

Сям’я Дарашэнка з Ліды

semja ng 46

Убачыць прыгажосць іншага чалавека

У гэтыя навагоднія дні я пачала бачыць прыгажосць кожнага чалавека. Раней я гэтага не бачыла. Вось ідзе жанчына, валасы ў яе сабраныя на патыліцы, і такі прыгожы ў яе профіль, выгіб шыі, плечы, якая яна прыгожая, якая жаноцкая! Вось муж абняў жонку, і яго каханне чытаецца ў гэтым жэсце, і ніяк гэтае каханне не схаваць, яно бачнае, выпраменьваецца, хоць гэтаму шлюбу ўжо каля 20 гадоў. Вось бацька глядзіць за сваімі дзецьмі, і гэта вельмі кранальна, вельмі, так роўна выстаўлены боцікі каля дзвярэй пакоя, так акуратна… не кожная жанчына так роўна паставіць…

Адна маладая сям’я падзялілася, што моліцца разам з пачатку сужэнскага жыцця. Я падумала: як гэта здорава! Пан захавае гэтую сям’ю ад многіх выпрабаванняў, здаецца мне. Мая сям’я пачала маліцца разам каля года таму. За свайго мужа я пачала маліцца пасля 12 гадоў шлюбу, раней гэтая думка мне не прыходзіла… А гэта вельмі шкада, многіх падзенняў, магчыма, можна было б пазбегнуць…

Сям’я Аслаўскіх з Гродна

semja ng 53

Бог напаўняе сэрцы сваёй любоўю

Наша сям’я другі раз адзначае Новы год у Навагрудку. Гэта вельмі каштоўны час для нашай сям’і.

Дзякуем усім сем’ям, якія знайшлі ў сабе сілы і адвагу прыехаць, асабліва кранаюць шматдзетныя сем’і, якія не баяцца цяжкасцяў, знаходзяць сілы і час. Вы для нашай сям’і асаблівы прыклад, так трымаць!

Асобны дзякуй хочацца сказаць нашым мужчынам. Вы з’яўляецеся апорай для нашых сем’яў, і калі бачыш, што апора становіцца з кожным годам больш моцнай і трывалай, маё сэрца радуецца. Вітаю тых мужчын, якія не баяцца выказаць сваё меркаванне, унесці новыя прапановы і не бягуць ад цяжкасцяў, а хочуць зрабіць наш Назарэт яшчэ больш адкрытым, а таксама цёплым і ўтульным, як дома. Як кажа с. Марыяна, многае залежыць ад нас саміх, таму так важна прамаўляць уголас нашы прапановы і меркаванні.

Вельмі падабаецца нам размаўляць з сем’ямі і даведвацца адзін пра аднаго, адкрываць новае пазнанне пра Бога праз нашы хрысціянскія сем’і. Хоць і не заўсёды ўдаецца пагаварыць з усімі, з многімі сустракаешся толькі позіркам, і нават гэтага хапае, каб адчуць хрысціянскую цеплыню і душэўнасць, якія выпраменьваюць нашы сем’і.

Самае галоўнае, што за гэтыя дні, праведзеныя ў Навагрудку, і дзякуючы створанай суперцікавай навагодняй праграме наша сям’я паспявае адпачыць ад штодзённага быту, ад нашых дзяцей, удзяліць больш часу адно аднаму і напоўніць свае сэрцы Божай любоўю, Божым святлом, Божай моцай, каб і далей верыць, любіць і праслаўляць Пана.

Сям’я Данісевіч з Ліды

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі