У парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе (Фарa) у канцы кастрычніка, месяца, калі католікі асаблівым чынам ушаноўваюць Марыю праз малітву на ружанцы, прайшоў конкурс самаробных ружанцаў, у якім удзельнічалі самыя малодшыя парафіяне.
Дзеці з дапамогай бацькоў рабілі ружанцы з падручных сродкаў. Ружанцы былі зроблены з жалеза, алоўкаў, пенапласту, цукерак, бісеру. Хтосьці зрабіў вялікі ружанец, хтосьці маленькі, але галоўнае, што кожны паставіўся да справы адказна і праз гэта хацеў аддзячыць Марыі за Яе заступніцтва перад Богам.
Падвядзенне вынікаў конкурсу адбылося адразу пасля супольнай малітвы Ружанца. У склад журы ўваходзілі кс. Марк Занеўскі, кс. Раман Вайцяховіч і с. Галіна Занеўская CSFN. Пасля гарачых дыскусій было вырашана, што будзе адно першае месца, два другіх і тры трэціх.
Усе ўдзельнікі атрымалі падарункі і з усмешкай вярталіся разам з бацькамі дадому.
Уладзіслаў Малышка