11 верасня біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч наведаў парафію Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Лідзе. Падчас Эўхарыстыі іерарх удзяліў сакрамэнт канфірмацыі групе парафіян.
Вернікі рыхтаваліся да гэтай падзеі, удзельнічаючы ў 40-гадзінным набажэнстве, якое тут ужо традыцыйна праходзіць ад свята Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі (8 верасня) да ўспаміну Найсвяцейшага Імя Марыі (12 верасня).
Усіх прысутных прывітаў кс. прэлат Вінцэнт Лісоўскі, пробашч парафіі. Ён адзначыў, што гэты дзень важны для ўсёй парафіяльнай супольнасці, якая з надзеяй глядзіць на маладое пакаленне, ад якога ў вялікай меры залежыць будучыня Касцёла і свету.
У гаміліі біскуп Кашкевіч казаў пра тое, як важна адкрыцца на дзеянне Духа Святога, які пастаянна ажыўляе і вядзе Касцёл.
Іерарх заахвоціў моладзь, якая прымала ў гэты дзень сакрамэнт хрысціянскай сталасці, нястомна ўзрастаць у Божай ласцы і падтрымліваць у сабе Божае жыццё.
На заканчэнне ўрачыстасці маладыя людзі выказалі ўдзячнасць Пану, сваім бацькам, біскупу, святарам і сёстрам законным, якія рыхтавалі іх да гэтай узнёслай хвіліны.
Падчас Эўхарыстыі маліліся таксама за пробашча парафіі кс. прэлата Вінцэнта напярэдадні 40-й гадавіны прыняцця ім прэзбітэрскага пасвячэння. Святар скончыў падпольную семінарыю, якая ў часы ганенняў на Касцёл дзейнічала ў Мядзведзічах, арганізаваную кс. інфулатам Вацлавам Пянткоўскім, тагачасным генеральным вікарыем Пінскай дыяцэзіі і вязнем ГУЛАГу.
Сярод былых вучняў кс. інфулата Пянткоўскага былі кс. прэлат Антоні Гей, кс. Генрых Акалатовіч, кс. Ігар Лашук і іншыя святары, двое з якіх, Антоні Дзям’янка і Казімір Велікаселец, сталі біскупамі. Прэзбітэрскае пасвячэнне сённяшняму ксяндзу прэлату Вінцэнту Лісоўскаму ўдзяліў 13 верасня 1981 г. у Літве біскуп Юліян Стэфановіч.
Кс. Юрый Марціновіч