15 мая біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч наведаў парафію Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Лідзе (Індустрыяльны).
У парафіяльнай святыні іерарх цэлебраваў Імшу, падчас якой трыццаць адпаведна падрыхтаваных да гэтай падзеі маладых вернікаў прынялі сакрамэнт хрысціянскай сталасці.
Пробашч парафіі а. Аляксандр Махнач SP ад імя кандыдатаў да прыняцця канфірмацыі звярнуўся да біскупа з просьбай аб удзяленні сакрамэнту, з увагі на жаданне яго прыняць і падрыхтоўку кандыдатаў.
Затым у адказ на словы біскупа кандыдаты супольна сказалі, якіх ласкаў чакаюць ад Бога ў сакрамэнце, і аднавілі абяцанні хросту.
Пасля спецыяльнай малітвы іерарх удзяліў сакрамэнт, робячы знак крыжа на чале кожнага з тых, хто яго прымаў.
Звяртаючыся да моладзі, узбагачанай сямю дарамі Духа Святога, біскуп прасіў памнажаць у сабе гэтыя дары, якія патрэбныя чалавеку для таго, каб мужна вызнаваць сваю веру і паступаць паводле яе прынцыпаў.
Пасля заканчэння літургіі маладыя людзі выказалі словы ўдзячнасці біскупу за ўдзяленне сакрамэнту, а сваім душпастырам піярам – за падрыхтоўку іх да гэтай падзеі, якая, як яны падкрэслілі, прычыніцца да ўзрастання ў веры.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Маргарыта Снапко