Skip to main content

Адбыўся велікапосны дзень засяроджання для святароў Радунскага дэканату

swiatary radyn 510 сакавіка ў санктуарыі Езуса Міласэрнага ў Воранаве адбыўся велікапосны дзень засяроджання для святароў, якія служаць у Радунскім дэканаце.

На сустрэчы прысутнічаў таксама Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі.

У межах сустрэчы з канферэнцыямі на тэму святарства выступіў духоўны айцец дэканату кс. Андрэй Вітэк SAC. Затым была магчымасць прыступіць да сакрамэнту пакаяння і паяднання, а таксама адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту.

swiatary radyn 3

Ксёндз канонік Генрых Яблоньскі, які быў абраны дэканам Радунскага дэканату на новы тэрмін, прынёс вызнанне веры і прысягу на вернае служэнне на сваёй пасадзе.

Кульмінацыяй сустрэчы стала святая Імша, якую ўзначаліў біскуп Юзаф Станеўскі. У гаміліі іерарх падкрэсліў, што кожны святар, нягледзячы на тое, што вучыць іншых, павінен сам нястомна ўдасканальвацца. Таму іерарх адзначыў важнасць пастаяннага развіцця веры, “праз якую чалавек прымае Праўду і становіцца яе сведкам перад братамі і сёстрамі”.

Таксама дапаможны біскуп дыяцэзіі заахвоціў даваць іншым надзею, “якая, згодна з вучэннем Папы Францішка, як “жывая вада”, дазваляе нам працягваць наша падарожжа з Хрыстом”.

Іерарх нагадаў і пра значэнне любові. “Нам трэба дзяліцца любоўю, якая з’яўляецца найвышэйшым выразам веры і надзеі чалавека”, – сказаў ён.

Біскуп пажадаў святарам, каб час Вялікага посту стаў добрай магчымасцю стаць у пакоры, бо, па яго словах, важна “ўмець схавацца ў цень, каб іншыя маглі пачуць Хрыста, Яго вучэнне, заключанае ў Евангеллі, і каб чалавек мог Яго распазнаць”.

“Нам трэба не канцэнтраваць увагу на сабе, а ўказваць заўсёды на Бога Жывога”, – падсумаваў іерарх.

Сустрэча завяршылася віншаваннямі з імянінамі, якія святары выказалі біскупу з нагоды ўрачыстасці святога Юзафа, Абранніка Найсвяцейшай Панны Марыі і Апекуна Пана Езуса, якая адбудзецца ў хуткім часе.

Кс. Юрый Марціновіч