Skip to main content

Найстарэйшы беларускі салезіянін адзначыць 85-годдзе ў смаргонскай парафіі

weder22 студзеня кс. канонік Здзіслаў Вэдэр SDB, найстарэйшы салезіянін у Беларусі, адзначыць 85-ы дзень нараджэння. У гэты дзень у смаргонскай парафіі св. Міхала Арханёла адбудзецца Імша падзякі Богу за дар жыцця і служэння юбіляра.

Пачатак у 18.00. Імшу ўзначаліць дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB.

Як паведамляе sdb.by,  значную частку свайго святарскага жыцця ксёндз Вэдэр правёў як місіянер на Усходзе, дзе пасля 70 гадоў ваяўнічага атэізму адраджаў веру. Ён нёс служэнне ў духу харызмы святога кс. Боско ў Расіі і Беларусі, а апошнія амаль 20 гадоў служыць у парафіі ў Смаргоні.

Некалькі гадоў ён быў таксама духоўным айцом Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.

За час служэння ў Беларусі ён набыў рэпутацыю сумленнага, сціплага і добразычлівага святара, сэрца якога цалкам належыць моладзі.

Салезіяне Беларусі запрашаюць на Імшу вернікаў і моладзь, асаблівым чынам былых выхаванцаў ксяндза Здзіслава, яго духоўных сыноў і дачок і ўсіх жадаючых.