17 снежня прадстаўнікі польскага згуртавання скаўтаў ZHP урачыста перададуць агонь з Бэтлеема ў гродзенскі катэдральны касцёл святога Францішка Ксаверыя. У гэты ж дзень у катэдральным касцёле ў Гродне эстафету перадачы агню распачнуць каталіцкія скаўты з Беларусі.
У гэтым годзе пашырылі тэрыторыю распаўсюджвання агню і плануецца праехаць больш за 6 тысяч кіламетраў. У сувязі са складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй скаўты просяць аб асаблівай малітоўнай падтрымцы, каб Бэтлеемскае святло свету прыбыло ў нашую краіну.
Урачыстае ўнясенне агню ў катэдральны касцёл адбудзецца ў 17.30, затым пройдзе святая Імша, пасля якой агонь распачне падарожжа па нашай краіне.
Скаўты развязуць агонь у іншыя месцы, дзе ўсе жадаючыя змогуць занесці гэты сімвал дадому, каб у духоўнай лучнасці з зямлёй нашага Збаўцы перажываць святы Божага Нараджэння.
Бэтлеемскі агонь міру штогод запальваецца ў гроце Нараджэння Пана ў Бэтлееме. У яго 29-гадовай гісторыі, у зменлівых палітычных умовах, ніколі не здаралася, каб агонь не вырушыў з Бэтлеема ў свой шлях. Гэта робіць з яго знак міру, сведчанне ўзаемаразумення і сімвал паяднання між народамі.
У мінулым годзе маршрут падарожжа Бэтлеемскага агню па Беларусі склаў больш за 5 тысяч кіламетраў, агонь прыбыў ва ўсе катэдры нашай краіны і ў больш за 120 парафій.