Skip to main content

15-годдзе адзначыць душпастырства студэнтаў і старэйшай моладзі “OPEN”

68 кастрычніка Акадэмічнае душпастырства студэнтаў і старэйшай моладзі “OPEN” у Гродне адзначыць 15-годдзе свайго існавання.

З гэтай нагоды ў гродзенскім касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі (пабрыгіцкім) адбудуцца ўрачыстасці падзякі за дар гэтай супольнасці, да якой належаць маладыя людзі, якія жадаюць разам узрастаць у дасканаласці.

Праграма:

19.15 – святая Імша падзякі за 15 гадоў існавання душпастырства
20.15 – сустрэча

Гісторыя душпастырства бярэ пачатак у 2005 годзе, калі група маладых людзей з Гродзенскай дыяцэзіі вярнулася з Сусветных дзён моладзі ў Кёльне (Германія). Хлопцы і дзяўчаты, прасякнутыя ідэяй адзінства, выказалі прапанову фарміравацца па-хрысціянску разам: не абмяжоўвацца арганізацыйнымі сустрэчамі напярэдадні СДМ, а мець нешта пастаяннае і стабільнае.

У 2006 годзе біскуп Аляксандр Кашкевіч благаславіў моладзевую супольнасць на сумесныя сустрэчы пры пабрыгіцкім касцёле пад кіраўніцтвам душпастыра кс. Антонія Грэмзы.

Сёння ў межах душпастырства дзейнічаюць некалькі груп. Найбольш папулярная – “Уваскрасенне”. Гэта дабрачынная суполка, у якой займаюцца дапамогай хворым дзецям, сіротам, бяздомным.

Па ініцыятыве сужэнскіх пар, якія належаць да “OPEN”, паўстала душпастырства маладых сем’яў. Раз на месяц сужэнцы разам з дзецьмі прыходзяць на спецыяльную св. Імшу і катэхезу.

Пры “OPEN” таксама існуе група афрыканскіх студэнтаў. Моладзь з Нігерыі, Камеруна і Філіпінаў удзельнічае ў сумесных сустрэчах душпастырства. Разам з іншымі яны святкуюць Вялікдзень і Божае Нараджэнне, даюць канцэрты, дзеляцца адметнасцю сваёй веры.

Душпастырства паспяхова трансфармуецца ў новыя формы. Дзякуючы актыўным удзельнікам “OPEN” у Гродне паўстаў евангелізацыйны курс “Альфа”. Удзельнікі душпастырства пачалі дзяліцца сваёй верай не толькі ў коле супольнасці, але і па-за яго межамі сярод тых, каму яшчэ складана даверыцца Богу.

Штогод “OPEN” арганізуе такія вядомыя акцыі, як “Ружанец праз Skype”, “Пячэнька за пячэньку”.

Сустрэчы душпастырства “OPEN” адбываюцца кожны чацвер у 19.15 (св. Імша і агульная сустрэча) у касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гродне (пабрыгіцкі) па вул. К. Маркса, 27.