23 жніўня адбудзецца ўрачыстасць адкрыцця адноўленага галоўнага алтара ў рэктаральным касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі ў Гродне (пабрыгіцкі).
Святыня належыць да найстарэйшых з захаваных касцёлаў у Гродне, а ўсе алтары ў ёй былі знішчаны ў 1950-я гады, калі касцёл прыстасавалі пад склад. Спачатку ім карысталася абласная бальніца, потым – псіханеўралагічны дыспансер.
30 гадоў таму касцёл вярнулі вернікам. За 40 гадоў, што святыню выкарыстоўвалі ў якасці складу, тут знішчылі ўсё ўнутранае аздабленне.
Пусты касцёл асвяцілі і за два гады зрабілі рамонт, але алтароў у ім не было да гэтага часу. Пра іх выгляд можна меркаваць толькі па старых фатаграфіях інтэр’ераў святыні. Часткова захаваліся толькі фрагменты алтароў.
Аднаўляць галоўны алтар касцёла пачалі ў верасні 2019 года, цяпер робячы яго не з дрэва, а з каменных блокаў, пакрытых венецыянскім мармурам.
Пабрыгіцкі касцёл будзе зноў мець свой алтар, каб цешыць вочы і натхняць сэрцы да праслаўлення Бога і Яго велічы.
Праграма ўрачыстасці
11.00 – медыйнае прадстаўленне “Алтар у касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі ў Гродне – мінулае і сённяшняе”
12.00 – св. Імша і асвячэнне алтара
13.30 – канцэрт моладзевага ансамблю Open і свята ва ўнутраным дворыку брыгіцкага кляштара
Пасля 14.00 – магчымасць наведаць музейную экспазіцыю ў залах пад касцёлам з мясцовым экскурсаводам.
Да ўдзелу ва ўрачыстасці запрашае ўсіх жадаючых рэктар касцёла кс. канонік Антоні Грэмза.