Сёлета прыпадае 77-я гадавіна мучаніцкай смерці благаслаўлёных с. Марыі Стэлы і дзесяці яе паплечніц.
З гэтай нагоды 31 ліпеня ў Батароўскім лесе каля Навагрудка – месцы мучаніцкай смерці сясцёр законных – адбудзецца святая Імша. Пачатак у 18.00.
Пасля Імшы можна будзе наведаць санктуарый Гродзенскай дыяцэзіі благаслаўлёнай Марыі Стэлы і яе 10 паплечніц, мучаніц з Навагрудка, дзе будзе магчымасць памаліцца перад рэліквіямі благаслаўлёных.
Манахіні Кангрэгацыі Святой Сям’і з Назарэта былі расстраляны ў Батароўскім лесе каля Навагрудка 1 жніўня 1943 г.
Сёстры ахвяравалі сваё жыццё за 120 чалавек, арыштаваных і прыгавораных да расстрэлу. Смяротнае пакаранне было заменена для арыштаваных на працы ў Германіі (затрыманыя былі вывезены 24 ліпеня, а некаторыя вызвалены). Усе вывезеныя перажылі вайну.
Сёстры былі беатыфікаваны Папам Янам Паўлам ІІ 5 сакавіка 2000 г. на плошчы св. Пятра ў Рыме.
JM