18–19 ліпеня ў Гудагаі адбудзецца штогадовая парафіяльная адпустовая ўрачыстасць у гонар Маці Божай Шкаплернай.
Дэвізам гудагайскіх урачыстасцяў стануць словы святога Яна Паўла ІІ, вялікага шанавальніка Маці Божай: “Увесь Твой”.
Фэст – гэта нагода падзякаваць Богу за Ягоныя дары, а таксама прасіць патрэбныя ласкі. Сярод шматлікіх інтэнцый сёлетняга фэсту ёсць малітва праслаўлення за 30-годдзе аднаўлення служэння кармэлітаў босых у Гудагаі.
Парадак набажэнстваў
18.00 – святая Імша на заканчэнне навэнны
20.30 – Крыжовы шлях на Кальварыі
00.00 – працэсія святла і святая Імша
10.00 – святая Імша на польскай мове
12.00 – адпустовая святая Імша
Арганізацыйныя заўвагі
Славуты ласкамі абраз Маці Божай Гудагайскай, як і ў мінулыя гады, будзе выстаўлены для асабістай малітвы вернікаў.
У сувязі са складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй усе набажэнствы будуць праходзіць на адкрытым паветры з захаваннем санітарных мер перасцярогі. Удзельнікам урачыстасці просьба памятаць аб неабходнасці захаваць сацыяльную дыстанцыю і рэкамендацыі выкарыстоўваць маскі.
Касцёл будзе адчынены для індывідуальнай малітвы. Для захавання сацыяльнай дыстанцыі на падлозе будзе нанесена адмысловая разметка, а пры ўваходзе ў святыню будуць усталяваны дазатары з антысептыкам.
Па прычыне пандэміі мясцовыя жыхары не маюць магчымасці прымаць людзей на начлег. Тыя, хто пілігрымуе ў Гудагай у індывідуальным парадку, змогуць паставіць палаткі на тэрыторыі каля плябаніі.
Вернікам, якія хочуць падчас урачыстасці прыняць святую Камунію, просьба загадзя прыступіць да споведзі ў сваіх парафіях.
Арганізатары просяць жадаючых загадзя падрыхтаваць інтэнцыі на святыя Імшы, а таксама малітоўныя падзякі і просьбы, якія можна будзе пакінуць у касцёле або ў палатцы на прыкасцёльнай плошчы.
Усім, хто не будзе фізічна ўдзельнічаць ва ўрачыстасцях у Гудагаі, просьба далучыцца духоўна да святкавання і малітвы ва ўсіх інтэнцыях, якія носім у сэрцы, у тым ліку аб спыненні пандэміі каранавірусу. Аддаёмся абароне Найсвяцейшай Панны Марыі.