Skip to main content

19 снежня ў Гродна прыбудзе Бэтлеемскі агонь міру

agon katedra 2919 снежня Бэтлеемскі агонь міру прыбудзе ў Беларусь. Сімвал Божага Нараджэння традыцыйна распачне вандроўку па нашай краіне з Гродна.

 

Агонь з Бэтлеема ў горад над Нёманам даставяць з Польшчы харцэры, якія прымаюць сімвал Божага Нараджэння ад славацкіх скаўтаў, якім у сваю чаргу яго перадалі аўстрыйцы, што запалілі агонь міру ў базыліцы Нараджэння Езуса Хрыста ў Бэтлееме.

Урачыстае ўнясенне агню ў катэдральны касцёл св. Францішка Ксаверыя ў Гродне адбудзецца ў 17.30, затым пройдзе святая Імша, пасля якой агонь распачне падарожжа па нашай краіне.

Скаўты развязуць агонь у іншыя месцы, дзе ўсе жадаючыя змогуць занесці гэты сімвал дадому, каб у духоўнай лучнасці з зямлёй нашага Збаўцы перажываць святы Божага Нараджэння.

Бэтлеемскі агонь міру штогод запальваецца ў гроце Нараджэння Пана ў Бэтлееме. У яго 29-гадовай гісторыі, у зменлівых палітычных умовах, ніколі не здаралася, каб агонь не вырушыў з Бэтлеема ў свой шлях. Гэта робіць з яго знак міру, сведчанне ўзаемаразумення і сімвал паяднання між народамі.

Сёлетняй акцыі Бэтлеемскага агню міру спадарожнічае дэвіз: “Святло, якое дае моц”.

JM