 28 верасня на станцыі Ашмяны, што знаходзіцца на тэрыторыі парафіі Апекі Маці Божай у Дайлідках (Астравецкі дэканат), адбудзецца асвячэнне касцёла пад тытулам благаслаўлёнага Міхала Сапоцькі.
28 верасня на станцыі Ашмяны, што знаходзіцца на тэрыторыі парафіі Апекі Маці Божай у Дайлідках (Астравецкі дэканат), адбудзецца асвячэнне касцёла пад тытулам благаслаўлёнага Міхала Сапоцькі. 
Асвячэнне здзейсніць біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

Касцёл на станцыі Ашмяны стане першай у нашай краіне святыняй, якая будзе асвячана ў гонар благаслаўлёнага Міхала Сапоцькі, прэзбітэра, ураджэнца Ашмяншчыны. Ён нарадзіўся 1 лістапада 1888 г. у Юшэўшчыне, якую называлі Навасадамі, у Ашмянскім павеце (цяпер Валожынскі раён), быў ахрышчаны 19 лістапада 1888 г. у парафіяльным касцёле ў Забрэззі.
Благаслаўлёны быў спаведніком св. сястры Фаўстыны Кавальскай, спрыяў развіццю культу абраза Езуса Міласэрнага.
Вернікі са станцыі Ашмяны разам са сваім пробашчам кс. Алегам Шпенем шчыра запрашаюць узяць удзел у радаснай урачыстасці асвячэння касцёла ўсіх дабрачынцаў і людзей добрай волі.

Урачыстая святая Імша, падчас якой адбудзецца асвячэнне касцёла, распачнецца ў суботу 28 верасня а 12-й гадзіне.
JM

 
 
 
 
 
