Skip to main content

"Тыдзень талентаў" правядзе моладзевае душпастырства "OPEN" Гродзенскай дыяцэзіі

collage open З 19 па 25 лістапада моладзевае душпастырства "OPEN" разам з душпастырствам сем’яў “OPEN Families” правядзе "Тыдзень талентаў”. Падчас штодзённых сустрэч будзе магчымасць разважаць тэму чалавечых здольнасцяў, прыняць удзел у шматлікіх майстар-класах, паглядзець канцэрт.

 

 

Праграма:

19.11 – св. Імша ў 19.00; паэтычны вечар “Дух Святы, Натхняльнік, прыйдзі да нас!” у 20.00;

20.11 – св. Імша ў 19.00; майстар-класы па рукадзеллю, выстава-прэзентацыя "Бог стварае, мы тварым" у 20.00;

21.11 – св. Імша ў 19.00; кулінарны вечар “Бог надзяліў нас уменнем смачна гатаваць” (прадстаўленне фірмовых страў, кулінарны паядынак) у 20.00;

22.11 – св. Імша на рускай мове ў 19.15; катэхеза на тэму: “Як адкрыць і не закапаць свае таленты” ў 20.30;

23.11 – св. Імша ў 19.00; адарацыя, праслаўленне Хрыста ў Эўхарыстыі маляваннем, музыкай і спевам у 20.30;

24.11 – св. Імша ў 19.00; вечар дзіцячай і моладзевай творчасці „Дзяліцеся сваім талентам” у 20.00;

25.11 – св. Імша на беларускай мове ў 19.00; падвядзенне вынікаў “Тыдня талентаў”, справаздачны канцэрт, узнагароджанне актыўных удзельнікаў, малітва падзякі ў 20.30.

 

***

Талент! Пры згадванні гэтага слова ў мяне перад вачыма ўзнікаюць вобразы выдатных людзей, дзеячаў мастацтва і навукі, паэтаў, мастакоў, музыкаў, якія дасягнулі пэўных вышынь у сваёй працы, а плёнам іх дзейнасці захапляецца ўвесь вет. Напэўна, шмат хто мае такія асацыяцыі. Што ж такое талент? Паспрабуем разабрацца!

У сучасным разуменні талент - гэта выдатныя здольнасці, уменні і навыкі чалавека ў пэўнай сферы дзейнасці, якія дазваляюць дасягаць высокіх вынікаў. Па-першае! Ідзем далей! Ці ведалі вы, што талент - гэта старажытная грашовая адзінка? Калі Гугл мяне не падмануў, то адзін талент раней прыраўноўваўся да 26 кілаграмаў срэбра. Атрымліваецца, што талент, прычым, ва ўсіх сэнсах гэтага слова, гэта вялікая каштоўнасць. Па-другое! І, нарэшце, па-трэцяе! На маю думку, талент - гэта яшчэ і найвялікшы дар, якім Бог узнагароджвае чалавека.

Давайце запытаемся сябе: "Ці ёсць у мяне талент?". Для ўдакладнення, я зараз не пра сябе цікаўлюся, а пра кожнага з вас, хто прабягае ў дадзены момант вачыма па гэтых радках! Так-так, малады чалавек у слухаўках, Вас гэта таксама тычыцца! Вы, дзяўчына, не спяшайцеся пераключыцца на Інстаграм, у нас тут, між іншым, важнае пытанне разглядаецца! Так, што там з талентам, знайшлі ці не? Песімістычна настроенай частцы чытачоў я, з усёй адказнасцю, заяўляю: “Не там шукаеце, не сумнявайцеся, Вы - таленавіты чалавек!”. А ўсім астатнім кажу: "Малайцы, пастаўце сабе плюсік!"

Калі вы не напісалі сваю "Месяцовую санату", не ўзвялі Храм Святой Сям'і, не сінтэзавалі вакцыну ад усіх хвароб і з-пад вашага пэндзля пакуль яшчэ не выходзяць Джаконды, гэта яшчэ не гаворыць пра тое, што ў вас няма таленту. У кожнага ён свой. Адны ўзводзяць велічныя помнікі архітэктуры, а іншыя па-майстэрску будуюць чароўныя замкі з пяску, натхняючы і захапляючы "будучых архітэктараў". Хтосьці бясстрашна ўваходзіць у клетку са львамі і з усмешкай на твары аддае ім каманды, а ў кагосьці атрымліваецца заспакоіць няўрымслівую дачушку, якая не паддаецца на ўгаворы ніводнага родзіча. Можна, перамагаючы невыносны жар, выдзімаць вырабы са шкла неймавернай прыгажосці, а можна - мыльныя бурбалкі, выклікаючы воплескі захаплення і радасці ў дзяцей і выпадковых мінакоў.

Хтосьці з папрокам мне скажа: "Не блытай Божы дар з яечняй!” Аднак я ніякім чынам не хачу абясцэніць значэнне таленту. Часам нязначнае і нават не сур'ёзнае на першы погляд ўменне прыносіць ашаламляльныя вынікі. Кожны чалавек у чымсьці таленавіты. Хтосьці яшчэ гэта не ўсвядоміў, камусьці ляніва развіваць у сабе гэтыя здольнасці, астатнія пакуль яшчэ не знайшлі ім сферы ўжывання. Відавочна, што такія здольнасці не варта ў сабе ўтойваць або, як прынята казаць у такіх выпадках, закопваць, асабліва калі з іх дапамогай можна зрабіць гэты свет крыху больш добрым і светлым.

Павел Яхімчык