Акадэмічнае душпастырства студэнтаў і старэйшай моладзі “OPEN”, якое дзейнічае ў Гродне, распачынае чарговы фармацыйны год. Да ўдзелу ў душпастырстве запрашаюцца ўсе маладыя жыхары Гродна, якія вучацца і працуюць, што жадаюць адчуць блізкасць Бога і пазнаёміцца з новымі дастойнымі людзьмі.
Душпастырства “OPEN” – гэта супольнасць маладых людзей – студэнтаў, працуючых, якія збіраюцца разам пры рэктаральным касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі (пабрыгіцкім) у Гродне (вул. Маладзёжная, 2, каля Дома сувязі).
“Kaлі ты адчуваеш сябе маладым і хочаш рэалізаваць час сваёй маладосці як мага лепш, запрашаю цябе на сустрэчы Душпастырства студэнтаў і працуючай моладзі”, – кажа душпастыр моладзі кс. канонік Антоні Грэмза.
Сустрэчы адбываюцца ў кожны чацвер навучальнага года. У 19.15 пачынаецца святая Імша, а пазней – размова і яшчэ шмат цікавых моладзевых мерапрыемстваў.
JM