З 26 ліпеня па 7 жніўня ў аграсядзібе “Мажэйкі” пастаўскага р-на адбудзецца летнік для хлопцаў ва ўзросце ад 14 гадоў. Яго мэтай з’яўляецца распазнанне асабістага паклікання, а таксама радаснае і духоўна плённае правядзенне часу. Падчас летніку айцы салезіяне прапануюць братэрскую атмасферу жыцця ў супольнасці; канферэнцыі, якія паглыбяць тэматыку распазнання паклікання і жыцця ў ім; сумесную малітву і духоўныя практыкаванні; гульні і цікавыя сустрэчы.
Тэма сёлетняга летніку: “Леў і Баранак” - два найбольш яскравыя сімвалы Хрыста ў Бібліі. Езус – Леў: Кароль і Валадар, адважны і незалежны, мужны абаронца слабых, адказны за сваё слова, ваяр Божай волі, поўны спакою і ўнутранай раўнавагі, справядлівы суддзя і пераможца. Езус – Баранак: малады і нявінны, чысты целам і думкамі, лагодны і поўны любові, пакорны, цярплівы і ахвярны. Мець у сэрцы “льва” і “баранка” – гэта гармонія Божага мужчыны, пакліканага Госпадам для выканання асаблівай місіі. На грунце гэтых сімвалаў хлопцам будзе запрапанавана разважанне над сваім жыццём і пакліканнем.
Кантактны нумар: +37529 7617017 (дк. Артур Ляшнеўскі SDB)