“Цэнтр Дапамогі Жыццю” арганізуе разнастайныя мерапрыемствы з мэтай падтрымкі невылечна хворых пацыентаў анкагалагічных аддзяленняў, пацыентаў хоспісу і бальніц сястрынскага догляду. Перад 8 сакавіка “Цэнтр” хоча парадаваць пацыентак хоспісаў і аддзяленняў сястрынскага догляду і запрашае ўсіх неабыякавых дапамагчы ў гэтым.
У кожную палату стацыянараў супрацоўнікі “Цэнтра” хочуць паставіць букеты кветак. Падыйдуць любыя – толькі без моцнага паху.
Таксама плануецца падарыць пацыенткам яркія хусцінкі, хусткі ці вуалі, крэмы для рук і для твару. Усяго патрэбна 100 падарункаў. Іх можна прывезці або заказаць у офіс “Цэнтра Дапамогі Жыццю” да 6 сакавіка, а кветкі прывезці 6 або 7 сакавіка з раніцы.
“8 сакавіка для нас цудоўная нагода парадаваць пацыентак хоспісаў і аддзяленняў сястрынскага догляду, – адзначаюць супрацоўнікі “Цэнтра”. – Да пацыентак прыходзяць цырульнікі і майстры з салонаў прыгажосці, робяць стрыжкі, укладкі, манікюр і маскі для твару. У стацыянарах кожны тыдзень валанцёры возяць “каляску радасці” з невялікімі падарункамі на любы густ, і пацыенткі з радасцю выбіраюць памады, пробнікі духоў, крэм для твару і рук. Для чаго ўсё гэта? Таму, што жанчыны заўсёды, нават калі цяжка хварэюць, калі ўвесь час праводзяць у ложку, хочуць прыгожа і годна выглядаць. Дагледжаныя рукі і валасы, маленькі аксесуар і кветкі на століку ля ложка – усё гэта надае ўпэўненасці і падымае настрой. І гэта не менш важна, чым лекі, спецыяльны ложак ці каляска”.
Па ўсіх пытаннях тэлефанаваць: +375 29 881 82 34.