Skip to main content

Сястра Стэла Ядкоўская адзначыць юбілей 50-годдзя манаскага жыцця

s stella16 ліпеня сястра Стэла Ядкоўская CSFN з Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта (назарэтанкі) адзначыць юбілей 50-годдзя манаскага жыцця. Урачыстасць адбудзецца ў гродзенскім рэктаральным касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі (пабрыгідскі).

Пачатак святой Імшы, якую ўзначаліць Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, у 12.00.

Падчас Эўхарыстыі манахіня будзе дзякаваць Богу за дар жыцця, веры, паклікання да Назарэту і за ўсялякія ласкі, якія спазнала на працягу ўсіх гэтых гадоў.

Сястру Стэлу, якая нясе духоўную дапамогу пацыентам бальніц, называюць апосталам шпітaляў Гродна.

Сваё служэнне ў бальніцы сястра Стэлла пачала ў 1966 г., працуючы ў той час медсястрой. Тады яна была ўжо манахіняй, але ў бальніцы пра гэта не ведалі. Выконваючы даручаныя ёй абавязкі, яна не толькі клапацілася пра тое, каб падаць пацыентам адпаведныя лекі, але і цікавілася іх духоўным жыццём. Калі нехта з іх хацеў прыняць сакрамэнты, сястра прыводзіла ў бальніцу святара.

Манахіня цалкам прысвяціла жыццё хворым і церпячым. Яна не можа абыякава праходзіць ля тых, хто церпіць, затрымліваецца ля кожнага шпітальнага ложка, найперш пытаючыся, ці не патрэбныя хворым святыя сакрамэнты. У тыдзень манахіня наведвае 8 бальніц — кожны дзень іншую.

JM