29 красавіка ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне два дыяканы, навучэнцы Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, прымуць прэзбітэрскае пасвячэнне.
Пасвячэнне ўдзеліць дыяканам Андрэю Белаблоцкаму і Анджэю Ганчару біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Пачатак святой Імшы ў 10.00.
У 2016 годзе будучыя прэзбітэры па ўласным жаданні пабывалі на місіях – дыякан Белаблоцкі ў Бразіліі, а дыякан Ганчар у Афрыцы.
Дыякан Андрэй Белаблоцкі паходзіць з катэдральнай парафіі Св. Францішка Ксаверыя ў Гродне. На місіях у Бразіліі знайшоў сябе менавіта ў працы з убогімі. Начаваў разам з імі на вуліцы, стрыг валасы і галіў бароды, дзяліў з імі ежу. Гуляў з дзецьмі ў футбол пустой бутэлькай і катаў іх на сваіх плячах. За гэта атрымаў прозвішча “tio legal” (“класны дзядзька”). Меў цудоўную магчымасць не толькі дзяліцца любоўю з тымі, хто сапраўды мае ў гэтым патрэбу, але і выйсці з уласнай зоны камфорту.
Дыякан Анджэй Ганчар паходзіць з парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе. Адкрыў cвой шлях да місіянерскага служэння яшчэ падчас фармацыі ў семінарыі, затым умацаваўся ва ўпэўненасці, што служэнне найбольш патрабуючым – гэта нясенне Евангелля там, дзе пра яго яшчэ не чулі. Тры з паловай месяцы правёў на місіях у Камеруне, дзе працаваў у дзіцячым місійным прытулку, у якім жыве каля 40 дзяцей. Меў там абавязак заўсёды быць побач з дзецьмі: купаць, апранаць, суправаджаць, размаўляць.
Кс. Юрый Марціновіч